Антыфэйк / фактчэк

21 верасня 2023

Фэйкі тыдня: Беларусь тэхналагічна абагнала Еўропу і асабістая яхта ўкраінскага экс-міністра абароны

А таксама — графіці з «Зяленскім-канібалам» у Берліне, выдаткі кіраўніцы МЗС Нямеччыны на візажыстаў і барацьба прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі з Амерыкай. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк №1: Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі прыйшоў да ўлады зрынуўшы праамерыканскі ўрад

Дата фэйка: 7.09.2023

Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянг Нгемаа Мбасога, які наведаў Беларусь і правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, 44 гады таму прыйшоў да ўлады, зрынуўшы праамерыканскі ўрад. Гэта заявіў Рыгор Азаронак 7 верасня ў сваёй аўтарскай перадачы  «Азаронак. Наўпрост».

«Ён з 79 года ва ўладзе, прыйшоў пасля перавароту, які ён здзейсніў супраць каланіялістаў, супраць праамерыканскага, прафранцузскага ўрада. І цяпер будуе нармальную краіну, будуе нармальную дзяржаву», — заявіў Азаронак. 

У 1979 годзе Мбасога здзейсніў ваенны пераварот, выступіўшы супраць свайго дзядзькі — першага прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Франсіска Масіяса Нгемы. Падчас свайго кіравання той разарваў дыпламатычныя адносіны з ЗША. Цяперашні прэзідэнт, прыйшоўшы да ўлады, іх адразу ж аднавіў.

У 1995 годзе ў Экватарыяльнай Гвінеі былі адкрыты паклады нафты і газу. Іх распрацоўкай заняліся амерыканскія кампаніі. Цяпер ЗША купляюць у Экватарыяльнай Гвінеі газ.

Фэйк №2: Адстаўны міністр абароны Украіны адпачывае на яхце на Блакітным беразе

Дата фэйка: 5.09.2023

5 верасня ва Украіне адправілі ў адстаўку міністра абароны Аляксея Рэзнікава. Праз 5 дзён тэлеграм-канал «Зямля наша» апублікаваў фатаграфію экс-міністра, як сцвярджаецца, з Еўропы:

«Прыйшоў да поспеху. Адпраўлены ў адстаўку міністр абароны Украіны Рэзнікаў ужо тусіць на яхце на Блакітным беразе. Жывы. У заначцы — мільёны долараў, калі не мільярды», — гаворыцца ў пасце. 

За пару дзён да гэтай публікацыі сатырычнае выданне  «Панарама» пісала, што экс-міністр адпачывае на асабістым востраве.

Фатаграфію на яхце Аляксей Рэзнікаў апублікаваў у сябе ў фэйсбуку. Але адбылося гэта яшчэ ў 2020 годзе, калі ён рабіў прапанову сваёй жонцы.

Фэйк №3: Нямецкая прэса публікуе графіці супраць Зяленскага

Дата фэйка: 13.09.2023 

Нямецкая паліцыя шукае аўтара мурала  «Зяленскі-канібал», паведаміў 13 верасня расейскі навінавы сайт EADaily.

«Невядомы мастак размясціў графіці на сцяне аднаго з берлінскіх дамоў. На ім намаляваны кіраўнік кіеўскага рэжыму Уладзімір Зяленскі, які пажырае адарваную руку ўкраінскага салдата, якая сутаргава сціскае аўтамат», — гаворыцца ў артыкуле.

Пад тэкстам апублікаваны скрыншот навіны з лагатыпам Deutsche Welle, на якім паказаны гэты мурал.

Каманда Weekly Top Fake звязаліся з Deutsche Welle і атрымала адказ:

«Дадзены скрыншот сапраўды з'яўляецца падробкай. Мяркуецца, што ён выглядае як скрыншот Instagram-акаўнта Deutsche Welle NEWS, калі ён публікуе навіны ў фармаце Stories. Аднак не супадае ні фармат малюнка, ні шрыфт надпісу.

Графіці не ўдалося нам знайсці ні ў рэгіянальных навінах, ні праз зваротны пошук малюнкаў, што дазваляе выказаць здагадку, што яно было створана штучна. Нумарны знак аўтамабіля — мюнхенскі, так што не выключана, што месца, паказанае на здымку, нават не Берлін».

Фэйк №4: Аналена Бербок штодня выдаткоўвае з бюджэту 9 тысяч еўра на паслугі візажыста

Дата фэйка: 11.09.2023

Кіраўніца нямецкага знешнепалітычнага ведамства Аналена Бербок кожны дзень марнуе тысячы еўра з бюджэту на ўласную прыгажосць. Пра гэта 11 верасня ў перадачы «Наш час» на тэлеканале АНТ заявіла вядоўца Марына Лаўрукевіч.

«Столькі ўвагі да сваёй персоны не атрымлівала нават міністр замежных спраў Аналена Бербок. Якая, як паведамляюць нямецкія СМІ, на паслугі візажыстаў і стылістаў штодня выдаткоўвае 9 тысяч еўра з бюджэту. То бок, гэта грошы нямецкіх падаткаплацельшчыкаў», — паведаміла Лаўрукевіч.

У рэчаіснасці нямецкія СМІ яшчэ ў красавіку паведамлялі, што Аналена Бербок у мінулым годзе выдаткавала на паслугі візажыстаў 137 тысяч еўра. Падзяліўшы гэтую суму на колькасць працоўных дзён атрымаецца каля пяцісот еўра ў дзень.

Пра тое, што штодзённыя выдаткі складаюць 9 тысяч еўра, у ліпені гэтага года паведаміў расейскі тэлеканал RT са спасылкай на нямецкае выданне Bild. У артыкуле ёсць гіперспасылка на артыкул, але вядзе яна на падроблены сайт www.bild-de.at, а сапраўдны адрас выдання www.bild.de. Там размешчана копія артыкула гэтага Bild. Аднак там, дзе сапраўдны напісаў «у месяц», фальшывы — «за працоўны дзень».

Фэйк №5: У Менску развіваюцца тэхналогіі будучыні, а Еўропа жыве ў каменным веку

Дата фэйка: 6.09.2023

Расейскі блогер Раман Зубенка, які пражывае ў Бельгіі, 6 верасня апублікаваў у сваім TikTok відэа менскай крамы без касіра і станцыі падзарадкі для электрамабіляў і электробусаў. Пасля чаго заявіў: 

«Менск прыгажун, проста прыгажун. Усё развіваецца, чысціня поўная, тэхналогіі нейкія вар'яцкія, касмічныя. У вас усё самае лепшае, хлопцы. Дзякуючы ўсё гэта Бацьку, не забывайце пра гэта, калі ласка. <...> Я не ведаю калі ў нас такое будзе тут у Еўропе. Гадоў праз 20, напэўна, мы ў каменным веку нейкім жывем».

Крама без касіраў і хуткасны зарадны комплекс для электрамабіляў і электробусаў адкрыліся ў канцы мінулага года ў раёне разваротнага кола «Брылевічы» па вуліцы Напалеона Орды ў Менску. Аднак такія ж тэхналагічныя рашэнні прымяняюцца і ў Еўропе.

У Бельгіі, дзе жыве Раман Зубенка, у 2022 годзе налічвалася 27 тысяч зарадных станцый для электракараў. У Беларусі — усяго 900. За мінулы год у свеце адкрылася каля двухсот «крамаў без касіраў» — большай часткай у Кітаі і ЗША. У Еўропе іх таксама пачынаюць адкрываць многія рытэйлеры. Amazon, Aldi і Tesco ўжо запусцілі такія крамы ў Лондане. А ў Польшчы працуе да 50 крамаў Żabka Nano.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.