Антыфэйк / фактчэк

22 чэрвеня 2023

Фэйкі тыдня: ультыматум Украіны Ілану Маску, ільготы для прадстаўнікоў ЛГБТК+ у ЗША, Кітай на баку Расеі

А таксама — вырваныя з кантэксту цытаты The New York Times і падроблены цемнаскуры анголец, які ваюе супраць украінцаў. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк №1: The New York Times крытыкуе дапамогу Украіне

Дата фэйка: 12.06.2023 

ЗША будуць і далей аказваць ваенную дапамогу Украіне пры контрнаступу, заявіў у інтэрв'ю CNN 4 чэрвеня памочнік Джо Байдэна па нацбяспецы Джэйк Саліван. Праз тыдзень вядоўца «Беларусь 1» Сяргей Гусачэнка паведаміў, што амерыканцы ўсё менш схільныя дапамагаць украінцам. У пацверджанне сваіх слоў ён прывёў артыкул з газеты The New York Times: 

«Нават ліберальныя амерыканскія медыі прызнаюць: Кіеў занадта дарагая цацка. Цытата: “Калі Украіна выйграе гэтую вайну, некаторыя з яе прыхільнікаў за мяжой, несумненна, расчаруюцца, калі выявяць яе цёмны бок. Да вайны Украіна займала высокія пазіцыі ў рэйтынгах карупцыі. Карупцыя нікуды не дзенецца, нават калі Украіна пераможа, будзе толькі горш.

І ва Украіне ёсць правыя, у тым ліку ваенізаваныя групы, якія ўжо адыгралі сваю ролю ў баявых дзеяннях. Шмат якія ўкраінцы падчас Другой сусветнай вайны спачатку віталі немцаў (пакуль не ўсвядомілі, што іх таксама запісалі ў недачалавекі), а нацысцкая сімволіка дагэтуль пужліва распаўсюджаная”», — сказаў Гусачэнка ў перадачы «Зразумелая палітыка» 12 чэрвеня.

Гэта сапраўды фрагмент з артыкула The New York Times. Аднак частку пра карупцыю Гусачэнка працытаваў не цалкам і дадаў сёе-тое ад сябе.

У арыгінале публікацыі гаворыцца

«Да вайны Украіна займала высокія пазіцыі па паказніках успрыманай карупцыі — лепш, чым Расея, але гэта мала пра што кажа. Перамога не прымусіць карупцыю знікнуць».

То бок, параўнанне не на карысць Расеі вядоўца выразаў. А фразу, што пасля перамогі ў вайне з карупцыяй стане толькі горш, — выдумаў.

У частцы цытаты пра нацыстаў таксама не хапае фрагмента, што скажае сутнасць паведамлення. Ён гучыць так:

«Краіна жудасна пакутавала пры Сталіне, мільёны людзей паміралі ад наўмысна справакаванага голаду; у выніку некаторыя ўкраінцы спачатку віталі немцаў падчас Другой сусветнай вайны (пакуль не ўсвядомілі, што іх таксама лічылі недачалавекамі), а нацысцкая іканаграфія да гэтага часу трывожна шырока распаўсюджаная». 

Саму цытату Гусачэнка таксама вырваў з кантэксту, выкарыстаўшы яе як пацверджанне, што Украіна дорага абыходзіцца ЗША. 

У артыкуле аўтар параўнаў вайну Расеі з Украінай з Другой сусветнай, якая, як ён піша, «была адной з нешматлікіх войнаў, якія відавочна былі барацьбой дабра са злом». Але пры гэтым адзначае, што ў краінах, якія змагаліся са злом, былі праблемы: у ЗША існаваў расізм, а Вялікая Брытанія жорстка кіравала сваімі калоніямі.

Цяпер, на думку аўтара, са злом змагаецца Украіна, хоць пры гэтым яна (як ЗША і Брытанія падчас Другой сусветнай), таксама мае свае недахопы.

Фэйк №2: За Расею ваюе цемнаскуры з Анголы

Дата фэйка: 12.06.2023 

На мінулым тыдні ў сеціве з'явілася адразу некалькі фэйкаў, якія паказвалі, што Расею падтрымліваюць ва ўсім свеце. Напрыклад, у тэлеграм-канале «Навіны і зводкі ДНР Данецк» 12 чэрвеня было апублікавана фота цемнаскурага жаўнера ў форме. Сцвярджалася, што гэта расейскі вайсковец з Анголы па мянушцы «Вугаль».

На фота бачныя азнакі мантажу: шыя і галава салдата — цёмныя, плечы — светлыя.

У правым верхнім куце кадра размешчаны лагатып Мінабароны Расеі. БРЦ знайшоў у тэлеграм-канале расейскага ваеннага ведамства відэа, дзе распавядаюць пра тое, як вайскоўцы рамонтных падраздзяленняў займаюцца аднаўленнем ваеннай тэхнікі. На ім бачны рэальны вайсковец з пазыўным «Вугаль» — не цемнаскуры.

Фэйк №3: Кітай дапаможа Расеі ў выпадку пагрозы пачатку Трэцяй сусветнай

Дата фэйка: 11.06.2023 

Кіраўнік КНР Сі Цзіньпін правёў 9 чэрвеня тэлефонную размову з прэзідэнтам ПАР Сірылам Рамапхосам перад тым, як дэлегацыя афрыканскіх краін адправілася ў Кіеў з прапановай па мірным вырашэнні ваеннага канфлікту з Расеяй. 

Праз два дні, 11 чэрвеня, тэлеграм-канал «БелВеснік» апублікаваў такую цытату кітайскага лідара:

«Хопіць вінаваціць Кітай. Кітай не дапамагае РФ, але калі вырашыць дапамагчы, Бог вам не дапаможа. Украіне дапамагае амаль увесь свет. Калі мы ўбачым пагрозу Трэцяй сусветнай вайны, мы дапаможам РФ, а пакуль паслабцеся і назірайце, як Расея ў адзіночку перамагае больш за 50 краін свету». 

Крыніцу інфармацыі канал не ўказаў. Пост перадрукавалі некаторыя медыі — са спасылкай на навіну расейскага агенцтва Інтэрфакс пра размову Сі Цзіньпіна з Сірылам Рамапхосам. Аднак такой цытаты кітайскага лідара ў артыкуле няма.

Не паведамляе пра такую заяву Сі Цзіньпіна і кітайская прэса. Вось, што гаворыцца ў афіцыйным паведамленні аб размове лідараў Кітая і ПАР:

«Сі Цзіньпін адзначыў, што пазіцыя Кітая ў дачыненні да ўкраінскага крызісу паслядоўная, што можна ахарактарызаваць як імкненне да міру і садзейнічанне перамовам. Ёсць надзея, што ўсе бакі змогуць акумуляваць спрыяльныя ўмовы для ўрэгулявання крызісу шляхам дыялогу». 

Гэта значыць, выказванне было нейтральным. Кітай вядомы акуратнай пазіцыяй па ўкраінскім пытанні. Сі Цзіньпін дагэтуль публічна не выказаў падтрымкі дзеянняў Уладзіміра Пуціна ва Украіне. Аднак і не асудзіў іх.

Фэйк №4: У ЗША прадстаўнікі ЛГБТК + атрымалі ільготы

Дата фэйка: 9.06.2023 

У чэрвені ў свеце праходзіць «месяц гонару ЛГБТ-супольнасці». У гэты час праводзяцца тэматычныя парады і фестывалі. Распавядаючы пра гэта, вядоўца тэлеканалу «Зорка» Вольга Бялова паведаміла, што ў ЗША прадстаўнікі ЛГБТК+ маюць ільготы. 

«У ЗША ЛГБТ пачалі прыраўноўваць, увага, да ільготных катэгорый насельніцтва. Гэта значыць, там цяпер нават пры продажы квіткоў, вось глядзіце, бачыце, якія абвесткі вісяць. Гэта значыць, па-за чаргой можна купіць квіток пажылым, цяжарным, інвалідам і прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасці.

На фотаздымку ... бачныя білетныя касы і спіс ільготнікаў, сярод якіх у самым нізе і праўда можна прачытаць — “ЛГБТК+”. Над спісам добра бачная назвя арганізацыі: Упраўленне наземнага транспарту (Land Transportation Office San Isidro District Office). Раённае ўпраўленне Сан-Ісідра», — паведаміла Бялова 9 чэрвеня. 

У ЗША сапраўды ёсць горад Сан-Ісідра. Аднак гарады з такой назвай сустракаюцца ў некалькіх краінах — напрыклад, у Іспаніі і Аргенціне. А таксама на Філіпінах, адкуль і прыйшла інфармацыя аб ільготах для гомасексуалаў.

У красавіку філіпінская прэса пісала, што дзяржаўная ўстанова ў межах праекту «Гендар і развіццё» уключыла прадстаўнікоў ЛГБТК + у прыярытэтную чаргу: 

 «Два выпадкі ўключэння ЛГБТК+ у прыярытэтныя палосы руху Упраўлення [наземнага транспарту] сталі віруснымі ў сацыяльных сетках.

У адным з паведамленняў у суботу паказалі фотаздымак раённага аддзялення Упраўлення наземнага транспарту ў Сан-Ісідра ў правінцыі Ісабэла са знакам, які паказвае на прыярытэтную паласу для пажылых людзей, цяжарных жанчын, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і ЛГБТК».

З артыкула зразумела, што ва Упраўленні хацелі павысіць прыняцце прадстаўнікоў ЛГБТК+ у грамадстве, але выбралі для гэтага не найлепшы спосаб, што выклікала абвінавачванні ў абразе супольнасці і правакаванні варожасці да іх. Аднак крытыкі таксама адзначылі добрыя намеры арганізацыі. Абодва бакі дамовіліся аб'яднаць намаганні на полі асветы насельніцтва. 

Да ЗША гэтая гісторыя не мае дачынення.

Фэйк №5: Украіна запатрабавала ад Ілана Маска выдаліць тўітэр амерыканскага вядоўцы

Дата фэйку: 11.06.2023 

Вядоўца нядзельнай праграмы «Контуры» на тэлеканале АНТ Аляксандр Злобін паведаміў, што Украіна высунула Ілану Маску ўльтыматум: 

«Прыкладна проста цяпер скончыўся ўльтыматум у 72 гадзіны, які паставіла Украіна Ілану Маску. У Кіева была ўмова: у гэты тэрмін кіраўнік Twitter павінен выдаліць уліковы запіс былога вядоўцы тэлеканалу Fox News Такера Карлсана. Апошні гучна выйшаў у эфір — запусціў шоў на платформе Маска і ў першай жа серыі катком прайшоўся па Зяленскім асабіста і па тэме выбуху Кахоўскай ГЭС. Крытыка знаходзіць водгук у амерыканцаў — у выпуску ўжо больш за 112 млн праглядаў. Маск не паспеў ці не збіраўся паспяваць, але відавочна, што цяпер ён толькі пацірае рукі ад задавальнення», — заявіў Злобін у эфіры перадачы ад 11 чэрвеня.

Інфармацыя пра ўльтыматум разышлася ў сеціве. Некаторыя паблікі спасылаліся на паведамленне расейскага палітолага Артура Гаспарана, іншыя пісалі, што офіс Зяленскага напісаў пра гэта ў тўітэры 8 чэрвеня. 

Гаспаран сапраўды апублікаваў такі пост, аднак не ўказаў крыніцу інфармацыі. 

У тўітэр-акаунце Офіс прэзідэнта Украіны 8 чэрвеня асвятляў паездку Зяленскага па ўкраінскіх абласцях, 9 чэрвеня — яго тэлефонныя перамовы з заходнімі лідарамі. Маск у гэтых паведамленнях не згадваецца. 

Адзіны, хто пісаў пра Маска, — Міхаіл Падаляк, дарадца кіраўніка Офісу. 7 чэрвеня ён назваў абсурдам прапанову бізнесоўца паглядзець перадачу Такера Карлсана, дзе той сцвярджае, што толькі Украіне быў выгадны выбух на Кахоўскай ГЭС. Але ніякіх ультыматумаў Маску ён не ставіў. 

БРЦ знайшоў магчымую крыніцу фэйка: раніцай 8 чэрвеня пра гэта напісаў сатырычны тэлеграм-канал «Вось мой яндэкс-кашалёк»:

 «Украіна дала Ілану Маску 72 гадзіны на выдаленне акаўнта Такера Карлсана ў Twitter.

 “У выпадку невыканання гэтага патрабавання наступствы будуць самымі цяжкімі. Як для самой сацыяльнай сеткі Twitter, так і асабіста для спадара Маска”, — гаворыцца ў заяве Офіса Зяленскага», — напісана ў пасце гэтага тэлеграм-каналу. 

Пазней жарт з'явіўся ў Гаспарана і, ужо пад выглядам рэальнай навіны, дайшоў да АНТ. 

Што канал сатырычны, можна зразумець і па іншых пастах. Напрыклад, ён паведамляў, што праўладная «Ліга бяспечнага інтэрнэту», вядомая ў Расеі блакаваннем інтэрнэт-рэсурсаў, запрасіла памілаваную Лукашэнкам Соф'ю Сапегу весці іх тэлеграм-канал і выконваць працу па дэананімізацыі і складанні спісаў.