Фэйк №1: Другія Гульні краін СНД карысталіся вялікай папулярнасцю ў беларусаў
Дата фэйка: 14.08.2023
У Беларусі скончыліся II Гульні краін СНД. Па словах першага намесніка міністра спорту і турызму Аляксандра Дараховіча, яны карысталіся вялікай папулярнасцю ў гледачоў, праз што на спартыўных пляцоўках не было пустых месцаў.
— Госці адзначылі, усюды аншлаг. Куды б яны не прыехалі... Не важна, гуляе беларуская зборная, не гуляе беларуская зборная, заўсёды аншлаг. Яны кажуць «як, мы ў шоку?» Калі не гуляе краіна-гаспадыня ... — сказаў Дараховіч.
— Так, паўпустыя трыбуны, мы ведаем гэта па Балтыцы, — працягнуў яго думку кіраўнік праўладнага «Беларускага саюзу журналістаў» Андрэй Крывашэеў. Тэму абмеркавалі ў эфіры «Радыё-Менск» 14 жніўня.
Усе спаборніцтвы гульняў заўзятары маглі наведваць бясплатна. Аднак, як вынікае з відэа-трансляцыяў на афіцыйным сайце мерапрыемства, аншлагу на спартыўных пляцоўках не было. Наадварот — на трыбунах было практычна пуста. Амаль не было гледачоў на спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы, пустымі былі трыбуны стадыёна «Дынама» падчас выступу лёгкаатлетаў, амаль ніхто не прыйшоў глядзець гульню беларускіх гандбалістаў, нешматлюдна было і на іншых спаборніцтвах Гульняў.