Фэйк № 1: Праз мяцеж ПВК «Вагнэр» польскае войска перавялі ў стан падвышанай баявой гатовасці
Дата фэйка: 25.06.2023
У пятніцу вечарам 23 чэрвеня Яўген Прыгожын абвінаваціў вайсковае кіраўніцтва Расеі ў ракетным удары па тылавым лагеры ваяроў ПВК «Вагнэр» і абвясціў пачатак «Марша справядлівасці».
У ноч на 24 чэрвеня вагнэраўцы захапілі Растоў-на-Доне, заблакаваўшы штаб Паўднёвай вайсковай акругі і аб'екты сілавых устаноў, і рушылі калонай у кірунку расейскай сталіцы. Прыгожын заявіў, што 25-тысячнае войска наймітаў нішто не спыніць, але ў 200-х кіламетрах ад Масквы павярнуў іх назад. Як паведаміў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, са стваральнікам прыватнай вайсковай кампаніі дамовіўся Аляксандр Лукашэнка.
Польшча праз гэты мяцеж перавяла войска ў стан падвышанай баявой гатовасці, заявіў 24 чэрвеня былы дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч у інтэрв'ю Марку Фейгіну:
Аляксей Арастовіч: А калі б гэта было інсцэнаванне, падымаў бы [прэзідэнт Польшчы Анджэй] Дуда польскія ўзброеныя сілы ў стан падвышанай баявой гатовасці?
Марк Фейгін: З іншага боку, ён абавязаны, ён не павінен унікаць.
А. А.: Чаму ён абавязаны? Літва не падымала, Фінляндыя не падымала і іншыя краіны, якія мяжуюць з Расеяй, — не.
М. Ф.: Гэта не супастаўныя па маштабах краіны.
А.А.: Пачакайце, яны як мінімум павінны былі па агульным сцэнары рэагавання падымаць. Польшча падымала.
Пра тое, што Анджэй Дуда прывёў узброеныя сілы ў стан падвышанай баявой гатовасці, напісаў і тэлеграм-канал «Bild на рускай». Пасля чаго гэтую інфармацыю падхапілі расейскія і ўкраінскія медыі, але са спасылкай на тўітэр польскага прэзідэнта. У гэты дзень там быў размешчаны толькі адзін пост і ў ім нічога не было сказана пра прывядзенне арміі ў стан падвышанай баявой гатовасці:
«У сувязі з сітуацыяй у Расеі сёння раніцай мы правялі кансультацыі з прэм'ер-міністрам і Міністэрствам нацыянальнай абароны, а таксама з хаўруснікамі. Ход падзей за нашай усходняй мяжой знаходзіцца пад пастаянным наглядам».
Падвышаная баявая гатовасць польскага войска згадваецца ў тўіце кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэка Северы. Аднак яго змест супярэчыць паведамленню выдання Bild і словам Арастовіча.
«Польскія ўзброеныя сілы знаходзяцца ў пастаяннай гатовасці з лютага 2022 года, і ўзровень не быў зменены ў сувязі з апошнімі падзеямі. Мы сочым за сітуацыяй, кансультуючыся з хаўруснікамі, і ставімся да яе як да ўнутранай справы Расеі», — напісаў Севера 24 чэрвеня.
Гэта значыць, бунт ПВК «Вагнэр» не справакаваў узмацненне абароны Польшчы.