У Латвіі 40% насельніцтва – рускія. Такая заява прагучала ад вядучай «Добры дзень, таварышы» Вольгі Бяловай на тэлеканале «Звязда».
«Пасля таго, як з Масквы прагучала прапанова «добра, ок, забярэм мы наш помнік сабе, толькі пакіньце яго ў спакоі», міністр абароны Латвіі прапанаваў забраць помнік разам з прыхільнікамі Пуціна. То бок, забірайце помнік і вось гэтыя 40% расейскага насельніцтва Латвіі», – заявіла Бялова.
Паводле афіцыйнай статыстыкі Латвіі, доля расейцаў сярод насельніцтва складае толькі 24%. А вось рускамоўнага насельніцтва – 36%. Не выключана, што Вольга Бялова ўсіх рускамоўных аўтаматычна прылічае да рускіх. Але калі быць дакладнымі, міністр абароны Латвіі казаў не пра рускіх, а пра прыхільнікаў Пуціна. Магчыма, на думку Вольгі Бяловай, усё рускамоўнае насельніцтва Латвіі апрыёры падтрымлівае Пуціна.
Але вось агрэсію Расеі супраць Украіны падтрымліваюць у Латвіі далёка не ўсе. Пасля пачатку вайны там правялі апытанне грамадскай думкі, і аказалася, што сярод рускамоўнага насельніцтва Латвіі яе падтрымлівае толькі 21%. А калі казаць аб насельніцтве Латвіі ў цэлым – менш за 8%. Пры гэтым, 22% рускамоўных латышоў, наадварот, падтрымліваюць Украіну, а 46% – ні адну з бакоў.