Антыфэйк / фактчэк

21 красавіка

Беларусь у ліку першых запусціць 5G на ўзроўні краіны? Высветлілі, на колькі гадоў і ад каго адстаём

Улады плануюць пакрыць мабільнай сувяззю пятага пакалення ўсю тэрыторыю краіны да 2034 года.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 07.04.2025
Беларусь адна з першых у свеце пачне карыстацца тэхналогіяй 5G для сувязі на ўзроўні краіны, расказаў у эфіры СТБ аглядальнік «СБ. Беларусь сёння» Андрэй Мукавозчык. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што Беларусь спазнілася на некалькі гадоў. 

У Беларусі ў 2025 годзе плануюць пачаць укараненне сеткі мабільнай сувязі пятага пакалення. Мяркуецца, што яна ў некалькі разоў павялічыць хуткасць інтэрнэту і палепшыць якасць сувязі. Найперш 5G з'явіцца ў Менску, потым — у абласных цэнтрах, а да 2034 года ахопіць амаль усю краіну. Каментуючы гэтую навіну ў эфіры СТБ 7 красавіка, аглядальнік «СБ. Беларусь сёння» Андрэй Мукавозчык заявіў, што якасці беларускай мабільнай і інтэрнэт-сувязі могуць пазайздросціць і ЗША, і краіны Еўразвязу. Ён назваў Беларусь тэхналагічным першапраходцам ва ўкараненні 5G:

«І сувязь стандарту 5G у нас на ўзроўні краіны з'явіцца ў ліку першых. Але мы ж пра гэта сціпла прамаўчым, праўда? Ці, што таксама для нас звычайна, зробім выгляд, што яно гэтак і павінна быць». 

5G — гэта новае пакаленне мабільнай сувязі, якое прыйшло на змену 4G. Пры гэтым тыпе сувязі ўжываецца шырэйшы спектр частотаў, што дазваляе адначасова падлучаць тысячы прылад і забяспечваць стабільны сігнал. 5G — сувязь не толькі для звычайных карыстальнікаў, але і, прыкладам, для кіравання беспілотнікамі па даставе тавараў, прамысловымі робатамі і г. д.

Першай — яшчэ ў 2018 годзе — нацыянальную сетку 5G запусціла Паўднёвая Карэя. Апроч яе, на момант публікацыі, такую сувязь шырока выкарыстоўваюць у Еўропе, ЗША, Індыі, Тайландзе, Малайзіі, Тайвані, Японіі і іншых краінах. У сакавіку 2025 года, па ацэнках з'яднання асноўных дастаўнікаў тэлекамунікацыйных паслуг і абсталявання 5G Americas, у свеце працавала больш за 350 камерцыйных сетак 5G. Гэта ўдвая менш, чым колькасць 4G-сетак. 

Не стала Беларусь першай і сярод краін СНД. Летась сетку 5G ува ўсіх абласных цэнтрах запусціў Узбекістан. Нават у ЕАЭС Беларусь не першая: Казахстан ужо пабудаваў тры тысячы базавых станцый, а праз два гады збіраецца пакрыць усе абласныя гарады. 

Ад Беларусі пакуль адстае Расея. Будаванне інфраструктуры 5G там плануюць пачаць не раней 2026 года. Да 2030-га маюць намер пакрыць толькі 16 гарадоў. Укараненне 5G у краіне тармозяць некалькі фактараў: асноўныя частоты занятыя вайсковымі і спадарожнікавымі сістэмамі, альтэрнатыўныя дыяпазоны ёсць, але карыстацца імі дорага. Замінаюць і санкцыі, якія перашкаджаюць куплі патрэбнага абсталявання.