Польскія пагранічнікі палівалі бежанцаў з вадамётаў 20 градусны мароз
За год гісторыя з нелегальнымі мігрантамі на беларуска-польскай мяжы абрасла «шакуючымі падрабязнасцямі». Палітолаг Аляксандр Шпакоўскі раптам узгадаў, што палякі палівалі іх з вадамётаў у 20-градусны мароз. Аб гэтым ён заявіў у эфіры «Альфа радыё».
«Мы што забыліся, як у 20-градусны мароз палівалі іх з брандспойтаў, як закідвалі светлашумавымі гранатамі бежанцаў?»
Гэта, канешне, няпраўда. Паліваць кагосьці ці нешта ў 20 градусны мароз у прынцыпе немагчыма — бо гэта тое самае надвор'е, калі людзі робяць вось гэты прыкол.
Адзначым, што ў той дзень, калі на мяжы прымянялі вадамёты, беларускія дзяржСМІ паведамлялі, што палякі паліваюць іх вадой пры тэмпературы -2.
«Вадаметы пры -2 – замах на забойства», – пісалі яны.
Насамрэч у той дзень, калі на мяжы ўжывалі вадамёты, тэмпература была +2 - +4, што пацвердзіў і генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед:
«Толькі 15-16 лістапада зафіксаваны і задакументаваны шматлікія факты незаконнай дэпартацыі бежанцаў з тэрыторыі Польшчы, прымяненне ў дачыненні да іх вадамётаў, якія змяшчаюць хімічныя прымешкі пры тэмпературы навакольнага асяроддзя не больш за 4 градусы».
Чатыры градусы - гэта, вядома, не спякота, быць змоклым у такое надвор'е вельмі некамфортна. Але і пры такой тэмпературы бывае дождж. Нельга ж сказаць, што дождж пры +4 — гэта «замах на забойства»!
Мы не абясцэньваем пакуты мігрантаў, якіх беларускі бок штурхае на штурм мяжы, а польскі — назад. Тут размова аб тым, як падаюць інфармацыю дзяржСМІ. Спачатку плюс 4 у іх ператварылася ў мінус 2. А потым палітолаг Шпакоўскі вырашыў — што ўжо там драбязніцца, скажу — мінус 20 было.
Але гэта яшчэ ня ўсё. Потым Шпакоўскі сцвярджае, што для дастаўкі мігрантаў у Беларусь нічога спецыяльна не рабілася.
«І больш за тое, пакуль у Еўрапейскага Звяза былі дамовы ў галіне памежнай бяспекі з Рэспублікай Беларусь, з якіх яны ініцыятыўна выйшлі, гэтага не было. Хаця маршрут існаваў заўсёды. Што ў нас раней рэйсы не ляталі з блізкаўсходніх дзяржаў? Лёталі яшчэ і часцей».
Паглядзім, як насамрэч змянілася колькасць рэйсаў Белавія напярэдадні мігранцкага крызісу вясной 21 года. Аддзел «Новой газеты» выгрузіў дадзеныя з сайта flightradar24, які адсочвае палёты. І што мы бачым: з Багдаду іх колькасць павялічылася з красавіка, з Бейрута - з траўня. З Багдаду ў Мінск яшчэ пачала лятаць авіякампанія Флай Багдад.
Цікава, што паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на беларускай зямлі за апошнія гады ўвогуле не зафіксавана ніводнага турыста з Ірака, Ірана, Сірыі, Афганістана і Пакістана. У статыстыцы іх няма. Хаця ўсе мы на ўласныя вочы бачылі ў Мінску натоўпы арабскіх мігрантаў.
Такім чынам, заявы беларускіх афіцыйных асоб, напрыклад, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных аб тым, што гэтыя людзі з'яўляюцца турыстамі — таксама фэйк.