Антыфэйк / фактчэк

23 красавіка

Польшча не паклікала Ізраіль, Беларусь і Расею на гадавіну вызвалення Аўшвіца? Праверылі словы дэкана журфаку БДУ

Аляксей Бяляеў дадаў, што на мерапрыемстве замест пацярпелых і вызваліцеляў прысутнічалі былыя ахоўнікі канцлагера.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 16.04.2025
На мерапрыемствы ў гонар гадавіны вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў у Польшчы не запрасілі ні Расею, ні Беларусь, ні Ізраіль, заявіў дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў. Каманда Weekly Top Fake высветліла, хто лішні ў спісе незапрошаных. 

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запрасіў еўрапейскіх лідараў прыехаць у Кіеў 9 траўня, каб паказаць адзінства Еўразвязу. У гэты дзень у Маскве традыцыйна праходзіць ваенны парад. Дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў у эфіры «Альфа Радыё» і «СБ ТБ» 16 красавіка 2025 года назваў гэтае запрашэнне Кіева абразлівым. Ён параўнаў яго з мерапрыемствам у Польшчы з нагоды 80-годдзя вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў у студзені, якое правялі без удзелу беларускай і расейскай дэлегацый.

«На гэта аўшвіцкае-асвенцымскае мерапрыемства не запрасілі ні Расею, ні Беларусь, не паклікалі прадстаўнікоў Ізраілю, якія былі пацярпелымі. Не паклікалі прадстаўнікоў Расеі і Беларусі, якія як пераемнікі Савецкага Саюзу былі вызваліцелямі. Затое паклікалі немцаў — кіраўнікоў нямецкай дзяржавы, якія былі заснавальнікамі і галоўнымі катамі. Паклікалі туды тых жа прадстаўнікоў украінскага і польскага боку, якія там служылі ахоўнікамі», — пералічыў дэкан журфаку. 

Дэлегацыю Расейскай Федэрацыі на мерапрыемствы ў Польшчы сапраўды не запрасілі: палічылі, што падчас вайны супраць Украіны гэты жэст выглядаў бы цынічна. Пры гэтым прыватным асобам і незалежным прадстаўнікам наведваць мемарыял не забаранялі. Афіцыйных згадак аб запрашэнні або яго адсутнасці для прадстаўнікоў Беларусі каманда WTF не знайшла. 

Прадстаўнік Ізраілю на мерапрыемстве прысутнічаў — міністр адукацыі Ёаў Кіш. З прыездам прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху паўсталі складанасці. У 2024 годзе Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на яго арышт па абвінавачванні ў ваенных злачынствах у сектары Газа. Польшча абавязаная выконваць гэтае рашэнне. 

У музеі, адкрытым на месцы канцлагера Аўшвіц, пра ўкраінцаў і палякаў, якія, на думку Бяляева, служылі ахоўнікамі ў лагеры, захоўваецца іншая інфармацыя. На яго сайце напісана: «Спачатку гарнізон складаўся з немцаў з тэрыторыі Рэйха. З часам пачалі набіраць этнічных немцаў з краін-сатэлітаў і акупаваных краін; у парадку колькаснага складу яны прыбылі з Вугоршчыны, Румыніі, Харватыі, Польшчы, Славакіі, Літвы і Эстоніі. Ні адна спроба арганізаваць не нямецкія вартавыя падраздзяленні так і не ўвянчалася поспехам. Стварэнне ўкраінскай вартавой роты (8-U-Kompanie) сапраўды было прадпрынята ў сакавіку 1943 года. Калі ў ліпені 1943 года ўкраінцы даведаліся, у чым заключалася функцыя лагера, яны дэзерціравалі».

У адкрытым доступе ёсць база дадзеных з тымі, хто служыў у гарнізоне канцлагера. За пяць гадоў дзеяння Аўшвіц-Біркенаў — каля 8 тыс. чалавек. Большасць — з нямецкімі прозвішчамі, але сустракаюцца таксама грамадзяне Румыніі, Вугоршчыны, Літвы і Югаславіі.