Антыфэйк / фактчэк

Сёння

News.by спісаў аварыю ў электрасетцы Вільні на энергетычны апакаліпсіс праз адключэнне ад расейскай энергасістэмы

У рэальнасці прычыны адключэння святла ў літоўскай сталіцы былі іншыя.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 12.11.2025
«Замест абяцанага энергетычнага раю яны атрымалі цэнавы апакаліпсіс», — так вядоўца News.by пракаментаваў наступствы адключэння ад расейскай энергетычнай сістэмы, з якімі стукнуліся краіны Балтыі. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што са сказанага праўда, а што — хлусня.

Пра энергетычны крызіс і хуткі рост цэн на электрычнасць у краінах Балтыі вядоўца News.by распавёў у рубрыцы «Тэма дня» 12 лістапада 2025 года.

«Вы калі-небудзь спрабавалі смажыць яечню пры святле свечкі-газоўкі? Не? А вось некаторыя жыхары Вільні, здаецца, хутка асвояць гэты навык. Нядаўні блэкаўт у літоўскай сталіцы таму пацверджанне. Літва, Латвія і Эстонія з такой помпай у лютым 2025-га адключыліся ад расейска-беларускай энергасістэмы БРЭЛЛ і далучыліся да кантынентальнай Еўропы. … Месцамі кошт пераскочыў праз €1000 за МВт/ч. … У Вільні нядаўні збой у энергазабеспячэнні прымусіў людзей сядзець у цемры нібы ў бамбасховішчы. … Магутнасцяў бракуе, імпарт дарагі і ў выніку спажыўцы плацяць больш. Цэны на электрычнасць у кастрычніку 2025-га ў Літве і Латвіі падскокнулі на 25%, у Эстоніі на 10%, а месцамі і зусім узляцелі да нябёс як ракета Ілана Маска». 

У Вільні 27 кастрычніка сапраўды былі праблемы з электразабеспячэннем, але святло адключылі толькі 20 тыс. абанентаў (3% жыхароў гораду), і на дзясятку скрыжаванняў не працавалі святлафоры. Апроч таго, адключэнне было нядоўгім, ніхто не сядзеў у цемры, як распавялі на беларускім тэлебачанні. Святло прапала аб 11 раніцы, а пасля абеду аварыю ўжо выправілі.

Аварыі ў сістэме электразабеспячэння здараюцца, у Беларусі ў тым ліку. Напрыклад, за дзень да адключэння ў Вільні святло прапала ў Гомлі, а яшчэ крыху раней без электрычнасці засталіся дзве сотні населеных пунктаў Дзяржынскага і Стаўбцоўскага раёнаў разам са шпіталем і паўсотняй фермаў. 

Калі казаць пра цэны на электрычнасць, то яны ў краінах Балтыі насамрэч выраслі на чвэрць, але не для звычайных спажыўцоў. Падвышэнне адбылося на біржы і закранула аптовых пакупнікоў. І перад гэтым цэны зменшыліся. У Літве пасля адключэння ад БРЭЛЛ (да выхаду краін Балтыі — электрычнае кола Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі і Літвы) яны не змяніліся — кВт/ч каштуе €0,2.

Грамадзяне Літвы куды мацней, чым адключэнне ад БРЭЛЛ, адчулі скок цэн напачатку 2023 года, калі кошт кВт/ч узляцеў да €0,55. Потым цана электраэнергіі стабілізавалася і застаецца практычна на адным узроўні другі год.