Антыфэйк / фактчэк

04 кастрычніка

Азаронак раскрытыкаваў экс-міністра адукацыі Расеі за фэйкавую цытату

БРЦ праверыў, пра што казаў былы міністр.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 08.09.2024
Рыгор Азаронак заявіў, што былы міністр адукацыі Расеі Андрэй Фурсенка заклікаў перастаць рыхтаваць у школах творцаў і выхоўваць пісьменных спажыўцоў. БРЦ праверыў, пра што казаў былы міністр.

Тэлевядоўца Рыгор Азаронак у перадачы «Слова і справа» на СТБ 8 верасня распавёў аб шкодзе онлайн-адукацыі, цыфравізацыі і лібералізацыі навучання. У сваім маналогу ён прывёў выказванне экс-міністра адукацыі Расеі Андрэя Фурсенкі:

«Калісьці даўно міністр адукацыі Расеі Фурсенка сказаў, як адчаканіў: "Савецкая школа выхоўвала чалавека-творцу. Гэта было памылкова, па-дурному. Мы павінныя выхоўваць пісьменнага спажыўца". Выхавалі, спадарства? Дзе яны, пісьменныя спажыўцы? На Верхнім Ларсе? А савецкія мужыкі-творцы? На СВО радзіму абараняюць».

Каманда БРЦ знайшла тлумачэнне экс-міністра Фурсенкі. Ён назваў прыпісаную яму цытату фэйкам, паказаўшы, што ягоныя словы, як і кантэкст, сказілі.

«Па-першае, я сказаў зусім не гэта, а па-другое, зусім з іншай нагоды. Але карэспандэнты вырашылі, што ў іх інтэрпрэтацыі мая думка будзе значна больш цікавая, і цяпер гэты фэйк, як і міфы з нагоды АДЭ (адзіны джяржаўны экзамен — рэд.), будуць пераследваць мяне да скону маіх дзён.

Насамрэч, гэта была такая ж сустрэча з маладымі хлопцамі і гаворка зайшла пра тое, што ў савецкі час лічылася: чалавек адбыўся, толькі калі ён ператварыўся ў выбітнага канструктара, вынаходніка — нейкага менавіта творцы. А калі чалавек можа ўмела выкарыстоўваць ідэі і веды іншых людзей, то ён не адбыўся, не дамогся нейкага выбітнага выніку. І я сказаў, што гэта абсалютна няправільна, таму што такая пастаноўка пытання робіць няшчаснымі мільёны людзей. Вы ведаеце, што адбылося ў Чарнобылі? Людзі, якія эксплуатавалі станцыю, вырашылі паказаць, што яны таксама шмат чаго ведаюць і разумеюць, таму яны задумалі праводзіць на АЭС эксперыменты замест таго, каб кваліфікавана рабіць сваю працу», — распавёў Фурсенка.