Антыфэйк / фактчэк

14 жніўня

Таксама Кара-Мурза, але не той. Азаронак і Пятроўскі абмеркавалі, як расейскі палітык здрадзіў бацьку, але памыліліся чалавекам

Рыгор Азаронак і палітолаг Пётр Пятроўскі вызначылі роднасную сувязь паміж расейскім апазіцыйным палітыкам Уладзімірам Кара-Мурзой і навукоўцам-хімікам і публіцыстам СССР і Расеі Сяргеем Кара-Мурзой.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 01.08.2024
Рыгор Азаронак і палітолаг Пётр Пятроўскі вызначылі роднасную сувязь паміж расейскім апазіцыйным палітыкам Уладзімірам Кара-Мурзой і навукоўцам-хімікам і публіцыстам СССР і Расеі Сяргеем Кара-Мурзой. Таксама яны заявілі, што малодшы Кара-Мурза здрадзіў старэйшага праз свае паводзіны. Каманда Weekly Top Fake вывучыла генеалагічнае дрэва абодвух.

Расея і ЗША 1 жніўня 2024 года правялі найбуйнейшы абмен зняволенымі апошняга часу. 16 палітычных вязняў турмаў Расеі абмянялі на 10 расейцаў, асуджаных у краінах Захаду. У іх лік трапіў расейскі апазіцыйны палітык Уладзімір Кара-Мурза. У 2023 годзе яго асудзілі на 25 гадоў калоніі строгага рэжыму за нібыта распаўсюд фэйкаў пра расейскае войска. 

А Рыгор Азаронак і палітолаг Пётр Пятроўскі 1 жніўня 2024 года ў эфіры «Азаронак. Наўпрост» назвалі палітыка сынам расейскага хіміка і публіцыста Сяргея Кара-Мурзы.

— Давайце пазначым: ёсць Сяргей Георгіевіч Кара-Мурза, — сказаў Азаронак.

— А гэта яго сын. А яго сын акурат здрадзіў бацьку, — дадаў палітолаг Пётр Пятроўскі.

— А Сяргей Георгіевіч — выдатны мысліцель, сацыёлаг, філосаф, — пералічыў вядоўца.

— Гэта я згодны, — сказаў на заканчэнне Пятроўскі.

— А сын Юдам апынуўся, — падсумаваў Азаронак. 

— Здраднік, вядома, сын, — згадзіўся Пятроўскі. 

Таксама Рыгор Азаронак 5 жніўня абмеркаваў Уладзіміра Кара-Мурзу і яго «бацьку» з палітолагам Андрэем Лазуткіным. 

— Тут жа паўзгадвалі, што гэты Валодзя Кара-Мурза — ён сын Сяргея Георгіевіча Кара-Мурзы, які аўтар газеты «Заўтра», газеты «Дзень», часопіса «Наш сучаснік», — распавёў Азаронак.

Вызваленага расейскага палітыка клічуць Уладзімір Уладзіміравіч Кара-Мурза і ён не з'яўляецца сынам Сяргея Георгіевіча Кара-Мурзы. Бацьку Уладзіміра звалі Уладзімір Аляксеевіч. Ён быў вядомым журналістам у 90-х. Памёр у 2019 годзе. Палітык пісаў пра гэта ў сваіх сацсетках. 

А Сяргей Георгіевіч Кара-Мурза, якога ўзгадвае Азаронак, вучоны-хімік і публіцыст — яго сваяк, стрыечны дзядзька.