Антыфэйк / фактчэк

19 снежня

Азаронак выдаў адкрыццё ў Фларэнцыі шэлтару для рэпрэсаваных за куплю нерухомасці офісам Ціханоўскай

…і звязаў гэта са смерцю двух беларускіх мігрантаў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 11.12.2025
Смерці двух беларускіх мігрантаў, «€30 мільёнаў ад Еўропкі» і «нерухомасць у Фларэнцыі» — у адной прамове вядоўца Рыгор Азаронак звязаў ніяк не злучаныя міжсобку падзеі. Каманда Weekly Top Fake разабралася, як узнікла гэта маніпуляцыя.

Кантэкст: 13 снежня 2025 года пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са спецпасланнікам ЗША ў Беларусі Джонам Коўлам на волю вышлі 123 палітвязні. Сярод іх — Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, некалькі грамадзянаў Украіны і іншых краін. Наўзамен ЗША здымуць санкцыі з беларускага калію. Каментуючы гэту падзею, Коўл дапусціў, што ў бліжэйшыя месяцы могуць вызваліць яшчэ тысячу чалавек. Гэтым разам большасць вызваленых вывезлі ва Украіну. За выходныя беларусы сабралі для іх больш за €240 тыс. 

11 снежня 2025 года ў праграме «Лятучка» на ютуб-канале СБТБ вядоўцы Людміла Гладкая, Яўген Горын і Рыгор Азаронак абмеркавалі фінансаванне беларускай апазіцыі.

«На гэтым тыдні яны атрымалі зноў ад Еўропкі €30 млн фондаў, данатаў і грантаў. На гэтым тыдні там памёр чалавек, які жыў у машыне ў Польшчы, без медычнай якой-небудзь дапамогі. Другі чалавек памёр у бамжатніку, у прытулку для ўцекачоў. … І на гэтым жа тыдні яны (офіс Ціханоўскай — рэд.) купляюць у Фларэнцыі нерухомасць пад свой офіс і атрымліваюць 30 мільёнаў эура на барацьбу. І вось гэта ўсё адначасова адбываецца», — заявіў Азаронак.

Гаворка ідзе, напэўна, пра шэлтар для рэпрэсаваных беларусаў, які арганізавала беларуская дыяспара ў Фларэнцыі. Фатаграфію з яго адкрыцця выкарыстаў тэлеграм-канал «ЖС Premium» у посце, які паўтарае заяву Азаронка. Таксама ў Фларэнцыі адкрылі Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці. 

Цэнтр і шэлтар — два розныя праекты. Абодва ініцыявалі самі беларусы, а Святлана Ціханоўская дапамагла іх прасунуць падчас сустрэч з мясцовымі ўладамі. Шэлтар на 6-7 чалавек у Фларэнцыі адкрылі для дапамогі рэпрэсаваным, каб людзям было дзе жыць хаця б першы час. Пры гэтым нерухомасць ніхто не купляў. 

«Уласнікі ўсіх гэтых памяшканняў італьянцы, і нічога мы не куплялі, усё ў арэнду з дамовамі афіцыйнымі. У першым выпадку, з шэлтарам — з арганізацыяй, таму што гэта сацыяльнае жытло. І ў другім выпадку — з прыватнай асобай», — распавяла журналістам праекту WTF кіраўніца цэнтру, прадстаўніца Народнай амбасады ў Італіі Юлія Юхно.

Невялікую частку выдаткаў цэнтру сплачвае офіс Ціханоўскай, удакладніла Юхно: «Шэлтар цалкам існуе за італьянскія грошы. Тут трэба сказаць, што гэта не сталае нейкае фінансаванне, якое даецца на працяглы перыяд. Гэта фінансаванне гадавое і кожны раз трэба шукаць новае».