Антыфэйк / фактчэк

26 лістапада

Сотні тысяч украінцаў пераехалі ў Беларусь? Азаронак пераблытаў колькасць заездаў і перасяленцаў

Вядоўца «Азаронак. Наўпрост» заявіў, што да нас з 2022 года пераехалі 320 тыс. грамадзянаў Украіны.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 09.11.2025
Рыгор Азаронак назваў колькасць украінцаў, якія нібыта пераехалі ў Беларусь пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што ён заблытаўся ў тэрміналогіі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь адкрыта для ўкраінцаў і гатова забяспечыць ім «такое жыццё, як беларусам»: «Калі ласка, прыязджайце, украінцы. Мы з задавальненнем вас прымем». Фрагмент гэтага выступу з адкрыцця ў Мазыры моста праз Прыпяць паказалі ў праграме «Азаронак. Наўпрост» 9 лістапада 2025 года. Вядоўца Рыгор Азаронак скаментаваў яго, расказаўшы пра шматлікіх украінцаў, якія перабраліся жыць у Беларусь пасля пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту і поўнамаштабнага ўварвання:

«Больш за 320 тысяч [украінцаў з 2022 года пераехалі ў Беларусь]. З 2014 года, з часоў Данбасу, – там таксама сотні тысяч».

Хутчэй за ўсё, Азаронак пераблытаў дадзеныя па колькасці перасячэнняў украінска-беларускай мяжы з колькасцю тых, хто застаўся жыць у Беларусі. Пра 320 тыс. грамадзянаў Украіны, якія заехалі пасля 24 лютага 2022 года ў нашу краіну, справаздачыўся Дзяржпамежкамітэт. Аднак гэта не азначае, што ўсе яны засталіся на тэрыторыі Беларусі і не рушылі далей: прыкладам, у Расею, каб адтуль трапіць на акупаваныя тэрыторыі Украіны да сваякоў ці ў іншыя краіны. Гэтыя людзі таксама маглі вярнуцца дамоў.

Апроч таго, 320 тыс. – гэта колькасць заездаў на тэрыторыю Беларусі, а не людзей. Адзін і той жа чалавек з 2022 года мог некалькі разоў перасячы мяжу. Прыкладам, у 2023 годзе з краін СНД у Беларусь заехалі амаль мільён чалавек, але толькі 31 тыс. з іх сталі на міграцыйны ўлік у органах АУС (на яго павінны станавіцца ўсе замежнікі, якія застаюцца ў краіне больш за 10 дзён, апроч расейцаў, якім дазволены месяц знаходжання без рэгістрацыі). За год да гэтага на ўлік у Беларусі сталі 42 тыс. замежнікаў з краін СНД. За два гады – 73 тыс. То бок сотні тысяч грамадзянаў Украіны ў Беларусі застацца не маглі. Вядома, што звыш 2 тыс. украінцаў папрасілі ў Беларусі статус уцекача ў 2022 годзе, і крыху больш за тысячу – у 2023-м. Разам крыху больш за 3 тыс.

Што да пачатку канфлікту (анексіі Крыму ў 2014-м), статыстыка МУС таксама не адлюстроўвае сотняў тысяч украінцаў. За 2014 і 2015 гады ў суме выдалі каля 50 тыс. дазволаў на часовае і сталае пражыванне для грамадзянаў Украіны. Праз пяць гадоў з пачатку вайны іх стала больш толькі на 25 тыс. і з той пары колькасць не павялічваецца.