Краіны Балтыі 8 лютага 2025 года цалкам адключыліся ад энергакола Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі, Літвы (БРЭЛЛ) і далучыліся да адзінай еўрапейскай сістэмы. У эфіры СТБ 17 лютага распавялі, як гэта паўплывала на кошт электрычнасці для іх:
«Нягледзячы на запэўніванні ўрада пра тое, што адключэнне ад БРЭЛЛ не пацягне за сабой буйных скокаў коштаў, кошт электраэнергіі ў балтыйскіх рэспубліках за 10 дзён вырас ужо на 300% і цяпер складае €600 за мегават/гадзіну».
На біржы Nord Pool, дзе краіны ЕЗ гандлююць электраэнергіяй, пасля 8 лютага кошт для трох краін Балтыі сапраўды значна павялічыўся. Аднак максімальны склаў €500 за мегават/гадзіну, а не €600, як паведамілі ў сюжэце СТБ. Акрамя таго, скокі коштаў былі кароткачасовымі: 12 і 15 лютага ў гадзіны пікавага попыту, затым кошт зніжаўся. Сярэдні кошт 12 лютага быў €230, а 15-га — €270. За першы тыдзень пасля адключэння ад БРЭЛЛ сярэдняя цана мегават/гадзіны склала €192. Гэта напалову больш, калі параўноўваць з сярэдняй цаной на тыдні, перад адключэннем. Затым электраэнергія патаннела да €138.
Балтыйскія краіны адмовіліся ад закупу расейскай электраэнергіі яшчэ ў 2022 годзе. У лютым 2025 правялі адлучэнне ад ліній электраперадач. А скокі цэн на электраэнергію звязаны з умовамі надвор'я і ростам цэн на газ, сказаў прадстаўнік аператара электраперадаючых сетак Elering у каментары нацыянальнай эстонскай тэлерадыёкампаніі ERR.