«Дабрабыт», то бок камфорт і дастатак без празмернасцяў — гэта варыянт нацыйнай ідэі для Беларусі, які ў эфіры тэлеканала АНТ прапанавала старэйшая навуковая супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Любоў Дуктава. На яе думку, важнасць гэтай ідэі для беларусаў пацвярджаюць макраэканамічныя паказнікі, такія як індэкс Джыні і ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці, па якіх Беларусь апераджае іншыя краіны.
«ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці: Беларусь знаходзіцца на 66 пазіцыі — гэта досыць высока. Часам нават апераджаючы ў гэтым рэйтынгу краіны Еўразвяза, у тым ліку краіны з моцнымі эканомікамі. Напрыклад, там Люксембург. То бок, можа, наша беларуская сціпласць, так? То бок разам з тым трэба ўсё-такі выхоўваць, пачынаючы з маладога пакалення, як расказваць пра сваю краіну», — растлумачыла Дуктава ў эфіры праграмы «Лицом к лицу» 5 жніўня 2025 года.
Паказнік ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці дазваляе параўноўваць эканомікі краін з улікам розніцы ў цэнах. З ім госця АНТ нават павяла сябе сціпла: паводле дадзеных Сусветнага банка, у 2024 годзе Беларусь займала 65-е месца ў свеце з аб'ёмам прыкладна ў 300 млрд міжнародных долараў. То бок наша краіна была на адзін радок вышэйшая, чым распавяла Любоў Дуктава. І гэта вышэй, чым некаторыя невялікія краіны ЕЗ, напрыклад, Люксембург, Мальта, Кіпр, Эстонія.
Аднак параўнанне Беларусі з Люксембургам некарэктнае. Наша краіна ў 13,5 разу большая па колькасці насельніцтва, значыць і эканоміка ў яе буйней. Калі ж параўноўваць гэты ж паказнік, але разлічаны на душу насельніцтва, то Люксембург на 5-м месцы ў свеце, а Беларусь — на 71-м. Гэта пазіцыя таксама вышэйшая за сярэднюю, але ніжэйшая за ўсе краіны ЕЗ. Латвія па ВУП па паказніку ППЗ на душу насельніцтва абганяе Беларусь на траціну, Польшча — у паўтара раза, Літва — больш, чым на 60%.