Пра пералом негатыўнай тэндэнцыі з нараджальнасцю ў Беларусі старшыня Беларускага саюзу жанчын Вольга Шпілеўская 21 кастрычніка 2025 года распавяла ў эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і СБТБ:
«Быць мамамі робіцца модна. Быць татамі робіцца модна. Выходзіць замуж робіцца модна. Таму што быў такі перыяд, і ніхто гэтага не хавае. І чаму ў нас такая дэмаграфічная яма нейкая ўтварылася, так? Таму што зразумела, што заходні павеў, заходнія традыцыйныя каштоўнасці, вось гэта гісторыя з чайлдфры. <...> Прынамсі цяпер мы бачым, што ёсць такая тэндэнцыя да таго, што ўсё-такі гэта змяняецца».
Каманда WTF праверыла, ці сталі беларусы і беларускі часцей уступаць у шлюбы і нараджаць дзяцей. Паводле дадзеных Белстату, у 2024 годзе ў Беларусі нарадзілася 6,5 дзіцяці на 1000 жыхароў краіны — гэта самы нізкі паказнік за ўсю гісторыю назіранняў (з 1940 года). Сумарны каэфіцыент нараджальнасці паказвае, што сто сярэднестатыстычных беларусак нараджаюць 108 дзяцей.
У Еўразвязе, па дадзеных за 2023 год, на 100 жанчын даводзіцца 138 дзяцей. Інфармацыі за 2024 год пакуль няма, але, па прагнозах, паказнік будзе ніжэй. У суседніх Польшчы і Літве на 100 кабет даводзіцца 110 і 111 дзяцей адпаведна. Гэта больш, чым у Беларусі.
Колькасць шлюбаў, якія складаюцца ў нашай краіне, зніжаецца: у 2024 годзе іх у Беларусі было прыблізна 5,1 на 1000 чалавек, у 2023-м — 6,1, у 2022-м — 6,3. І бяруць шлюб беларусы і беларускі ўсе пазней: мужчыны — у сярэднім у 28,9 года, жанчыны — у 26,7. Летась мужчыны жаніліся ў 28,8 года, жанчыны выходзілі замуж у 26,5. Разводзіцца беларускі і беларусы радзей не сталі: у 2024 годзе было 3,8 разводу на 1000 чалавек, чатыры гады запар да гэтага — 3,7
Для параўнання, жыхары Еўразвязу ў шлюбы ўступаюць радзей, чым беларусы (напрыклад, у нас у 2023-м было 6,1 шлюбу на 1000 чалавек, у ЕЗ — 4). Хоць у асобных краінах, напрыклад, у Латвіі, Вугоршчыне і Румыніі сітуацыя лепшая, чым у нас. Але і разводзяцца ў ЕЗ у 2,5 разу радзей, чым у Беларусі.
