Антыфэйк / фактчэк

Сёння

«Мы нават не чакалі…» Кіраўнік МЗС Беларусі перабольшыў выключнасць прыёму Лукашэнкі ў Паўночнай Карэі

Пра беспрэцэдэнтнасць візіту распавялі на СТБ і Першым Нацыянальным канале Беларускага радыё.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 29.03.2026
У дзяржаўных медыях візіт Аляксандра Лукашэнкі ў КНДР прадставілі як падзею, што суправаджалася амаль беспрэцэдэнтнымі знакамі ўвагі з боку Кім Чэн Ына. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што такая ацэнка перабольшана: паўночнакарэйскі лідар браў удзел не ўва ўсіх імпрэзах, а праводзіны ў аэрапорце і наведанне Кымсусанскага палаца былі часткай прыёму і іншых замежных гасцей.

Кантэкст: Па выніках візіту ў Паўночную Карэю 25–26 сакавіка 2026 года Аляксандр Лукашэнка даручыў адкрыць там беларускую амбасаду і паскорыць працу над бязвізавым рэжымам. Цяпер грамадзяне Беларусі могуць ездзіць без віз ці атрымліваць візу па прыбыцці ў 77 краін свету, што ставіць краіну на 58 месца з 101 у сусветным рэйтынгу пашпартоў. Паўночная Карэя знаходзіцца амаль у самым канцы гэтага спіса — на 96 месцы: без загадзя аформленай візы яе грамадзянам даступныя толькі 35 краін.

Расказваючы пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Паўночную Карэю, беларускія дзяржаўныя медыі падкрэслівалі, што прыём з боку Кім Чэн Ына быў асабліва цёплым і амаль унікальным. Прыкладам, 29 сакавіка 2026 года міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у праграме «Тыдзень» на тэлеканале СТБ назваў сапраўднай падзеяй ужо тое, што паўночнакарэйскі лідар праводзіў Лукашэнку ў аэрапорце.

«Мы нават не чакалі, што візіт будзе насычаны такім сурʼёзным глыбокім уцягненнем лідара Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі ва ўсе этапы, але яно так здарылася. І, значыць, наведанне ўсіх асноўных імпрэзаў разам і нават праводзіны ў аэрапорце — гэта зусім выключныя рэчы, такія падзеі», — заявіў Рыжанкоў.

Аднак на справе Кім Чэн Ын браў удзел разам з Лукашэнкам толькі ў частцы афіцыйных імпрэзаў. Прыкладам, у аэрапорце беларускага госця сустракаў не ён, а першы намеснік прэмʼер-міністра КНДР Кім Ток Хун. Ён жа суправаджаў Лукашэнку ў Кымсусанскі палац Сонца — пахавальню ранейшых паўночнакарэйскіх лідараў Кім Ір Сэна і Кім Чэн Іра. Там Лукашэнка ўшанаваў іх памяць.

Не выглядае беспрэцэдэнтным і сам жэст провадаў у аэрапорце. Кім Чэн Ын ужо рабіў тое ж самае і для іншых замежных лідараў. У 2018 годзе ён гэтак жа выпраўляў прэзідэнта Кубы Мігеля Дыяс-Канэля, у 2019-м — старшыню КНР Сі Цзінь Піна, а ў 2024-м — Уладзіміра Пуціна. Прытым у гэтых выпадках, у адрозненне ад візіту Лукашэнкі, Кім Чэн Ын не толькі асабіста развітваўся з гасцямі, але і асабіста сустракаў іх у аэрапорце.

Яшчэ адным довадам асаблівага стаўлення да Аляксандра Лукашэнкі на СТБ назвалі яго наведванне Кымсусанскага палаца. У эфіры гэта падалі так:

«Трапіць у Кымсусанскі палац можна толькі па адмысловым дазволе. Яго наяўнасць — знак асаблівай павагі».

І гэта таксама перабольшанне. Кымсусанскі палац Сонца сапраўды мае для Паўночнай Карэі асаблівае значэнне. Некалі ён быў рэзідэнцыяй Кім Ір Сэна, а пасля яго смерці яго ператварылі ў маўзалей. Пазней тамсама пахавалі і Кім Чэн Іра. Але наведванне палаца — звычайная частка праграмы для гасцей з сяброўскіх краін. Да Лукашэнкі там ужо бывалі лідары Кубы, Лаосу, Вʼетнаму, Расеі, а таксама шматлікія прадстаўнікі кітайскага кіраўніцтва. Больш за тое, палац адкрыты не толькі для «адмысловых гасцей». Туды водзяць групавыя і школьныя экскурсіі, яго наведваюць нават замежныя турысты.

Такім чынам, беларускія дзяржаўныя медыі паспрабавалі прэзентаваць візіт Лукашэнкі ў Пхеньян як знак амаль выключнага даверу і павагі з боку Кім Чэн Ына. Але факты паказваюць, што шмат якія элементы гэтага прыёму ўжо ўжываліся і да іншых гасцей Паўночнай Карэі і не былі нечым унікальным менавіта для беларускага палітыка.

Падобны фэйк — пра выключнасць візіту Лукашэнкі ў КНДР — каманда Weekly Top Fake ужо выкрыла. 26 сакавіка 2026 года палітолаг Андрэй Лазуткін у эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» на Першым Нацыянальным канале Беларускага радыё прадставіў яго як падзею амаль беспрэцэдэнтную.