Антыфэйк / фактчэк

25 сакавіка

Беларусь — дзясятая краіна ў свеце па ўзроўні інфляцыі? Правяраем, ці так гэта

А вось у дзясятку сярод краін Еўропы Беларусь магла б увайсці.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 12.03.2024
Рэгуляванне коштаў, якое ўвялі беларускія ўлады ў кастрычніку 2022 года, не працуе, сцвярджае эканаміст Яраслаў Раманчук. У доказ ён прыводзіць дадзеныя, што краіна ўвайшла ў дзясятку сусветных лідараў па ўзроўні інфляцыі. Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці сапраўды гэта так. 

Меры па ўрэгуляванні росту коштаў, прынятыя ў Беларусі, Яраслаў Раманчук раскрытыкаваў у гутарцы з журналісткай і відэаблогеркай Таццянай Мартынавай 12 сакавіка 2024 года. 

«Калі б ручное рэгуляванне коштаў гарантавала стабільнасць і нізкую інфляцыю, тады Беларусь бы не была дзясятай краінай у свеце паводле ўзроўню інфляцыі», — аргументаваў свой пункт гледжання эканаміст.

Спажывецкія кошты ў Беларусі за 2023 год выраслі на 5,8%. Беларусі з такім паказнікам далёка да дзясятага месца. У тройцы краін-лідараў у свеце — Аргенціна з 211%, Ліван са 192% і Венесуэла, дзе кошты выраслі на 190%. Замыкае дзясятку Куба з інфляцыяй у 31%. 

А вось у дзясятку сярод краін Еўропы Беларусь магла б увайсці. Тут лідаруе Турцыя — за год цэны выраслі больш, чым на 60%. Следам ідзе Чэхія — там інфляцыя 7,6%. І на восьмым месцы, паміж Польшчай і Аўстрыяй, магла б быць Беларусь.