Кантэкст: Напачатку сакавіка 2026 года Доналд Трамп заявіў, што вайна з Іранам працягнецца каля 4–5 тыдняў, але ўдакладніў, што Вашынгтон можа весці яе столькі, колькі будзе трэба. Яго мэта — дамагчыся змены кіраўніцтва краіны. Амерыканскія медыі са спасылкай на паведамленні выведкі паведамлялі, што Расея можа перадаваць Ірану дадзеныя для нанясення ракетных удараў па пазіцыях ЗША, а Кітай — аказваць Тэгерану фінансавую дапамогу і дастаўляць запчасткі і кампаненты для ракет.
У эфіры «Экспертнага клуба» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 5 сакавіка 2026 года гаворка зайшла пра тое, чаму Кітаю цяпер не да дапамогі Ірану ў канфлікце з ЗША і Ізраілем. Кажучы ў тым ліку пра дэмаграфічныя праблемы краіны, палітолаг Таццяна Саладоўнікава заявіла:
«Дарэчы, у некаторых правінцыях Кітая кабетам афіцыйна дазволена мець некалькі мужоў. … На афіцыйным узроўні. … Нават у рамках адной сямʼі адна кабета можа быць афіцыйна замужам за братамі».
Гэта не так. У кітайскім Законе пра шлюб 1980 года манагамія замацавана як адзін з асноўных прынцыпаў шлюбу. Дваяжэнства, як і сужыццё з іншым чалавекам у час шлюбу, забаронена. Такая норма зʼявілася ў Кітаі толькі ў 1950-х гадах. Да гэтага ў некаторых рэгіёнах краіны звычайнымі лічыліся і шматжэнства, і шматмужжа.
Звычай, пры якім у кабеты было некалькі мужоў, існаваў у тыбецкім раёне. Найчасцей гаворка ішла пра шлюб адной кабеты з некалькімі братамі з адной сямʼі. Такая практыка называецца паліандрыяй. Аднак яна была звязана не са спробамі павялічыць нараджальнасць, а з умовамі жыцця: у суровай мясцовасці так было прасцей выжываць і весці гаспадарку, тады як аднаму мужчыну было б цяжка ўтрымліваць сямʼю.
Хоць этнічным аўтаномным раёнам Кітая дазволена адаптаваць шлюбнае заканадаўства да мясцовых звычаяў, прыкладам зніжаць шлюбны век, Тыбет у 1981 годзе таксама забараніў палігамію і паліандрыю. Пры гэтым раней складзеныя такія шлюбы дазволілі не касаваць. Іншымі словамі, падобныя звязы маглі захавацца, але афіцыйна яны забароненыя.