Кантэкст: У студзені 2026 года ВУП Беларусі зменшыўся на 1,2%. За ўвесь 2025-ы гэты паказнік вырас прыкладна на 1,3%, што ўтрая ніжэй за афіцыйныя планы.
Ці можна сказаць, што эканоміка Беларусі ўстойлівая? Такое пытанне ад гледача зачытала вядоўца праграмы «Актуальны мікрафон» Алена Давідовіч 17 лютага 2026 года ў эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё.
«Эканоміка Беларусі ўстойлівая. Больш за тое, ёсць такі паказнік — дасягненне Мэтаў устойлівага развіцця, дзе Рэспубліка Беларусь паказвае, ну, вельмі сур'ёзны вынік. Гэта да пытання пра тое, што ВУП — гэта не самы галоўны паказнік на сёння. Там мы ўвесь час падымаемся ў рэйтынгу па выкананні Мэтаў устойлівага развіцця», — адказала госця студыі, эканамічны аналітык Юлія Абуховіч.
Рэйтынг выканання Мэтаў устойлівага развіцця, якія прыняла ААН, паказвае, як краіны дасягаюць запланаваных заданняў па 17 кірунках: ад ліквідацыі голаду і беднаты да даступнасці адукацыі і ўстойлівага эканамічнага росту. Беларусь у ім сапраўды знаходзіцца параўнальна высока: у 2025-м краіна займала 32 месца з 167. Аднак тое, што яна ўвесь час падымаецца, — няпраўда.
Дзесяць гадоў таму ў гэтым рэйтынгу Беларусь займала 23 месца. У 2020-м устала на 18-е, але потым апусцілася да 34-га. У 2024-м вырасла да 30-га, а ў 2025-м ізноў страціла пазіцыі.