Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Фэйк беларускага радыё: украінцы абіраюць Беларусь, а не «райскае жыццё ў Еўропе»

У праграме «Экспертны клуб» прагноз выезду з Украіны выдалі за факт, а заезд у Беларусь — за перасяленне.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 03.03.2026
У эфіры беларускага радыё заявілі, што ўкраінцы, зʼязджаючы з краіны і расчараваўшыся ў Еўропе, усё часцей абіраюць для жыцця Беларусь. Такую выснову ў праграме «Экспертны клуб» зрабілі, параўнаўшы колькасць тых, хто заехаў у Беларусь, з прагнозам выезду з Украіны, хоць гэтыя дадзеныя не дазваляюць судзіць ні пра маштабы сталага перасялення, ні пра тое, што менавіта нашая краіна стала адным з галоўных кірункаў для ўкраінскіх уцекачоў.

Кантэкст: ААН у 2026 годзе скароціць фінансаванне ўкраінскіх уцекачоў на чвэрць. У Польшчы з сакавіка скарацілі палёгкі і дапамогу для іх, хоць статус часовай абароны і вольны доступ да рынку працы захаваюцца яшчэ на год. Нямеччына, у сваю чаргу, заявіла пра ўзмацненне вымогаў да атрымальнікаў дапамогі, якія адмаўляюцца ад працаўладкавання.

У палітычным шоу «Экспертны клуб» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 3 сакавіка 2026 года распавялі, што ўкраінцы зараз абіраюць для жыцця Беларусь. Паводле слоў дырэктара цэнтру міжнародных даследаванняў факультэту міжнародных адносін БДУ Мікіты Бяленчанка, уцекачы, «пабегаўшы» па краінах ЕЗ, зразумелі, што прасцей «забяспечваць сабе добрае існаванне» у нашай краіне, бо «добра знаходзіцца там, дзе ўсё, у прынцыпе, спакойна».

Вядоўца Уладзімір Казакоў прывёў такія лічбы: «За 2026 год у Беларусь заехалі 12440 грамадзянаў Украіны. Да чаго я гэта? На грунце справаздач Нацыянальнага банку Украіны і еўрапейскіх міграцыйных службаў: за студзень-люты Украіну пакінулі прыкладна 40 тыс. чалавек. Галоўным чынам яны ехалі ў Нямеччыну, але вось 12-12,5 тыс. прыехалі ў Беларусь. Што здарылася? Чаму смачнае, райскае жыццё ў Еўропе не спыняе там, не асядаюць там украінцы?»

Нацбанк Украіны не публікаваў канчатковых дадзеных — гэта прагноз на бягучы год, у якім гаворыцца, што краіну могуць пакінуць 200 тыс. чалавек. У сярэднім гэта можа быць па 17 тыс. у месяц ці 34 тыс. за два месяцы.

Паводле дадзеных ААН, у студзені 2026 года праз заходнюю мяжу з Украіны выехалі 1,015 млн. чалавек, а заехалі на 27 тыс. больш. Пры выбарачным апытанні 7% украінцаў заявілі, што зʼязджаюць назаўжды — гэта можа быць парадку 70 тыс. чалавек за студзень. Гэта не супадае з дадзенымі, агучанымі ў эфіры «Экспертнага клуба». Пры гэтым у тым жа студзені толькі 6244 украінцы заехалі на тэрыторыю Беларусі. То бок, меней за 10% ад тых, хто пакінуў Украіну назаўжды.

Ключавое пытанне — чаму ў эфіры беларускага радыё ўсіх украінцаў, якія заехалі ў Беларусь, аўтаматычна запісваюць у перасяленцы. Памежкамітэт не публікуе дадзеных пра тое, колькі з іх потым выехалі назад ці прайшлі транзітам — прыкладам, у Расею, у тым ліку каб трапіць на акупаваныя тэрыторыі да сваякоў.

У эфіры прагучала яшчэ адно цверджанне, якое супярэчыць фактам:

«Для іх (украінскага боку — рэд.) максімальна выгадна, каб грамадзяне Украіны заязджалі ў Еўрапейскі Звяз. <...> Потым яны ж не паказваюць, што большасць з гэтых грамадзянаў выехалі з Еўразвязу ў Беларусь», — сказаў Бяленчанка.

За чатыры гады поўнамаштабнай вайны ў Беларусь заехалі каля 400 тыс. грамадзянаў Украіны. Заезд не азначае, што яны засталіся жыць у краіне. Для параўнання, у Еўразвяз заязджае па мільёне ўкраінцаў кожны месяц, але афіцыйна жывуць там крыху больш за 4 млн. Афіцыйных дадзеных пра колькасць украінцаў, якія ўвесь час жывуць у Беларусі, няма; неафіцыйна ўкраінскі МЗС ацэньвае гэту лічбу прыкладна ў 200 тыс.

«Таксама яны не кажуць пра тое, што найбольшую колькасць уцекачоў прыняла Расейская Федэрацыя: каля 8,5 млн украінцаў», — заявіў іншы госць праграмы, Саламон Бернштэйн, латвійскі блогер, які пераехаў у Беларусь.

Такіх лічбаў не агучвае нават сама Расея. У сярэдзіне верасня 2025 года намеснік сакратара Рады Бяспекі РФ Юры Кокаў казаў пра мільён перасяленцаў з Украіны — то бок у чатыры разы менш, чым у ЕЗ, і значна менш, чым заявілі эксперты Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.