Антыфэйк / фактчэк

Учора

Вядоўца дзяржТБ прыстрашыла Зяленскага народным гневам за санкцыі супраць Лукашэнкі

…які нібыта «карыстаецца велізарнай папулярнасцю сярод украінцаў».

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 19.02.2026
Вядоўца «Вечаровага палітычнага канала» Вікторыя Кірычэнка прадракла Кіеву народны гнеў з-за ўвядзення санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі. Яна выказала здагадку, што палітык «карыстаецца велізарнай папулярнасцю сярод украінцаў». Хоць статыстыка паказвае адваротнае: узровень сімпатыі да яго абваліўся ў дзесяць разоў у параўнанні з даваенным перыядам.

Кантэкст: Уладзімір Зяленскі даў першае пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання інтэрвʼю беларускім медыям — парталу «Зеркало». У ім ён апісаў новы фармат удзелу Менску ў вайне: паводле слоў прэзідэнта Украіны, Аляксандр Лукашэнка зараз свядома падае тэрыторыю краіны для размяшчэння тэхнікі — прыкладам, рэтранслятараў, якія дапамагаюць расейскім дронам «Шахед» карэктаваць курс.

У эфіры «Вечаровага палітычнага канала» напомнілі пра персанальныя санкцыі Кіева супраць Аляксандра Лукашэнкі за «спрыянне забойствам украінцаў». Уладзімір Зяленскі паведаміў пра іх увядзенне 18 лютага 2026 года. На наступны дзень вядоўца Вікторыя Кірычэнка прыстрашыла прэзідэнта Украіны наступствамі:

«Калі паспрабаваць дакапацца да праўды, то на пытанне, а як гэта можа дапамагчы ўкраінцам дасягнуць міру, можна выказаць здагадку, што такімі дзеяннямі Зяленскі проста ўзмоцніць народны гнеў і наблізіць дзень адплаты за свае дзеянні. Наш прэзідэнт карыстаецца велізарнай папулярнасцю сярод украінцаў».

Каманда Weekly Top Fake праверыла гэта цверджанне. Рэальнае стаўленне ўкраінцаў да Лукашэнкі, зафіксаванае сацыёлагамі ў лютым 2025 года, процілеглае. Амаль 90% жыхароў Украіны ставяцца да яго адмоўна і толькі 8% — станоўча.

Крыніца: Rating Group

Стаўленне да беларускага палітыка ва Украіне кардынальна змянілася за апошнія некалькі гадоў. У 2018 годзе Аляксандру Лукашэнку сімпатызавалі каля 70% украінцаў — тады яго папулярнасці маглі пазайздросціць шмат якія мясцовыя лідары. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ў лютым 2022 года, пачатага ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, рэйтынг абваліўся да 2%.

У 2023 і 2024 гадах рэйтынг даверу да Аляксандра Лукашэнкі ва Украіне трымаўся на ўзроўні 7—8%. Напачатку 2025 года — нязначна падрос, аднак агульная дынаміка застаецца нязменнай: у параўнанні з даваенным перыядам былая папулярнасць палітыка скарацілася амаль у 10 разоў.