Абмяркоўваючы на СТВ прамысловую кааперацыю з Расеяй, эканамічны аналітык Георгій Грыц заявіў, што па ўзроўні прамысловасці ў эканоміцы Беларусь удвая перавышае сярэдні паказнік у свеце:
«Мы ўваходзім у топ-10 краін па рэальным сектары эканомікі. То бок апрацоўчай прамысловасці — топ-10. Калі ў сярэднім у свеце ўзровень прамысловасці недзе 31%, то ў нас гэта лічба – 65%», — заявіў Грыц у эфіры 21 ліпеня 2025 года.
Эканамічны аналітык не ўдакладніў, які менавіта рэйтынг мае на ўвазе. Але журналісты праекту Weekly Top Fake знайшлі публікацыю за верасень 2024 года з інфаграфікай, у якой утрымліваецца такая інфармацыя. Яна нібыта заснавана на дадзеных Сусветнага банку, па якіх Беларусь знаходзіцца на 10 месцы сярод краін па паказніку ўнёску прамысловасці ў ВУП.
Журналісты WTF праверылі базу дадзеных Сусветнага банку і высветлілі, што Беларусь займае 19 месца ў свеце, паміж Узбекістанам і Туркменістанам, з доляй у 20%.
Найвялікшую долю прамысловасці ў ВУП мае Пуэрта-Рыка — 44%. А 65% няма ні ў адной краіны ў свеце. Для параўнання ў Нямеччыны гэта доля — 18%, у Польшчы — 15%, у Расеі — 13%, а ў ЗША — 10%.
Паводле дадзеных Белстату, гэты паказнік для Беларусі крыху вышэйшы за дадзеныя Сусветнага банку, — 25%. [*] За апошнія 20 гадоў ён змяняўся нязначна — усяго на пару адсоткавых пунктаў, а яго гістарычны максімум быў у 2011 годзе – амаль 32%. [*]