Аб высокіх дасягненнях Беларусі ў сферы экалогіі гендырэктар агенцтва «Менск-навіны» Андрэй Крывашэеў распавёў у праграме «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1» 10 студзеня 2025 года:
«Як бачыце, з усіх трох кірункаў: чыстая вада, чыстае паветра і экалогія ў цэлым і сваё нацыянальнае чыстае харчаванне — па ўсіх трох пазіцыях Беларусь — лідар у Еўропе і ў свеце».
Андрэй Крывашэеў не распавёў, адкуль у яго такая інфармацыя. Каманда WTF вывучыла Індэкс экалагічнай эфектыўнасці, распрацаваны больш за 20 гадоў таму Ельскім і Калумбійскім універсітэтамі. Гэта штогадовы рэйтынг, які складаюць на падставе ацэнкі 58 розных паказнікаў эфектыўнасці краіны ў вырашэнні экалагічных праблем. У тым ліку — пытанняў якасці паветра і вады.
У гэтым рэйтынгу па якасці паветра Беларусь — на 58 месцы са 180 краін. Першынства належыць Ісландыі.
Якасць вады ў рэйтынгу адлюстравана праз паказнік, які вымярае страты гадоў жыцця праз уздзеянне небяспечнай вады. Чым вышэй адзнака, тым чысцей вада ў краіне. Беларусь атрымала 79 з лішнім балаў са 100 і займае 39 месца. Лідаруюць у рэйтынгу восем дзяржаваў, сярод якіх некалькі краін Еўразвязу, Швейцарыя, Вялікая Брытанія і ЗША.