Антыфэйк / фактчэк

10 чэрвеня

Беларусь — развітая краіна, бо валодае ВПК? Што не так з высновамі ўдзельнікаў «Клуба рэдактараў»

У КНДР і Нігерыі таксама ёсць вайскова-прамысловы комплекс.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 23.05.2025
Толькі развітыя дзяржавы сучаснага свету валодаюць уласнай вайсковай прамысловасцю. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі праграмы «Клуб рэдактараў». Каманда Weekly Top Fake праверыла, па якіх крытэрах краіны адносяць да развітых.

У Менску з 21 па 24 траўня праходзіла выстава ўзбраення і вайсковай тэхнікі MILEX 2025. У ёй узялі ўдзел больш за 150 кампаній з Беларусі, а таксама госці з Расеі, Кітая, Ірана, Пакістана і Індыі. Паводле слоў арганізатараў, гэтым разам удзельнікаў сабралася ў паўтара разу больш, чым на мінулай у 2023 годзе. Гэту падзею 23 траўня абмеркавалі ў праграме «Клуб рэдактараў» на канале News.by і «Беларусь 1». Госці студыі прыйшлі да думкі, што ўласны ВПК — знак высокага ўзроўню развіцця краіны. 

«Толькі развітыя дзяржавы сучаснага свету валодаюць уласнай вайсковай прамысловасцю», — заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі.

Яго думку падтрымаў і развіў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант:

«Гэта такі маркер цывілізаванага… наяўнасць вайсковай прамысловасці… цывілізаванай высокаразвітой дзяржавы. Я ўсе паралелі праводжу: у нас ёсць цесныя сувязі з Расейскай Федэрацыяй, у нас ёсць цесныя сувязі з Кітаем, ёсць свая навука. І вось мы з гэтага ўсяго, шчыра, сумленна, нічога не хаваючы, выціснулі вось такое — ВПК наш выціснулі, так, і MILEX як вітрыну яго».

Беларусь, па класіфікацыі Міжнароднага валютнага фонду, уваходзіць у групу краін у стадыі развіцця. Наяўнасць уласнай вайсковай прамысловасці не разглядаецца МВФ як азнака развітасці. Арганізацыя ўлічвае іншыя фактары: узровень прыбытку на душу насельніцтва, дыверсіфікаванне экспарту і ступень інтэграцыі ў сусветную фінансавую сістэму.

Вайскова-прамысловы комплекс ёсць і ў бедных краін, напрыклад, у Паўночнай Карэі. Яна вырабляе міжкантынентальныя і тактычныя балістычныя ракеты, танкі, караблі і падводныя лодкі. Але гэта не робіць яе развітай. Па ацэнках ААН, ВУП на душу насельніцтва ў 2023 годзе там быў у 12 разоў меншы, чым у Беларусі — $640. 

Пакістан — ядравая краіна. Вырабляе таксама стралковую зброю, беспілотнікі, балістычныя ракеты, танкі і нават вайсковыя караблі. Але ВУП на душу насельніцтва ў 2023-м — у шэсць раз меншы за беларускі. 

Нігерыя таксама вырабляе вайсковыя караблі, беспілотнікі і бронемашыны, але мае ВУП на душу насельніцтва ў пяць разоў меншы, чым у Беларусі.