Антыфэйк / фактчэк

26 жніўня

Дэпутат Гайдукевіч распавёў пра еўрапейскія праблемы і беларускія поспехі ў сельскай гаспадарцы. Сусветныя рэйтынгі супярэчаць гэтаму

Мы ўжо распавядалі пра даступнасць здаровай ежы ў Беларусі і суседніх краінах.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 12.08.2024
Дэпутат Алег Гайдукевіч параўнаў эфектыўнасць вядзення сельскай гаспадаркі ў Беларусі і Еўропе. На яго думку, Аляксандр Лукашэнка праявіў дальнабачнасць, захаваўшы калгасы, пакуль еўрапейцы ўсё разбурылі і цяпер расплачваюцца за гэта. Каманда Weekly Top Fake праверыла яго словы.

Пра сельскагаспадарчую моц Беларусі і харчовую бяспеку Еўразвязу дэпутат Алег Гайдукевіч разважаў 12 жніўня 2024 года ў эфіры «Альфа Радыё» і «СБ ТБ». 

«І дзякуй богу, што мы не знішчылі сельскую гаспадарку ў 90-я гады! Дзякуй богу, што прэзідэнт захаваў калгасы — разбураць не будаваць. Уся гэтая казка, што мы цяпер усіх фермерамі зробім і зажывём... Вунь, Еўропа паказвае сёння, дзе іх сельская гаспадарка — усё знішчана. Вялізныя праблемы, колькі закупляецца», — распавёў дэпутат.

Еўразвяз у 2023 годзе экспартаваў сельгаспрадукцыі на $230 млрд. Гэтая сума амаль у паўтара разу большая, чым выдаткаваная ЕЗ на закупкі ў іншых краінах. 

Пяць з дзесяці найбуйнейшых экспарцёраў харчавання, па дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый, — краіны Еўропы. Гэта Нідэрланды, Нямеччына, Францыя, Іспанія і Італія. 

На карце харчовай бяспекі краін свету за 2022 год, якую складае часопіс The Economist, паказана, што Беларусь сярод еўрапейскіх дзяржаў — трэцяя з канца па гэтым крытэры. Ніжэй толькі Сербія і Украіна. Праўда, у гэты індэкс не ўключаны краіны Балтыі і Заходніх Балкан.

Беларусь атрымала добрую адзнаку па наяўнасці ежы, гэта значыць яе шмат для насельніцтва краіны. А па якасці і бяспецы ежы, на думку складальнікаў мапы, — наша краіна на апошнім месцы ў Еўропе. У асноўным праз незбалансаванасць карысных пажыўных рэчываў у ёй.

Мы ўжо распавядалі пра даступнасць здаровай ежы ў Беларусі і суседніх краінах. 7 чэрвеня 2024 года дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Юлія Волкава заявіла, што доля беларусаў, якія не могуць дазволіць сабе правільнае харчаванне, адна з найменшых у свеце — 0,2%. У суседзяў паказчык нібыта вышэйшы. Што паказала нашае параўнанне, чытайце тут

Што ж тычыцца даступнасці ежы для насельніцтва па яе кошце, то ў Беларусі — перадапошняе месца ў Еўропе. Ваюючая Украіна адстала ад нас усяго на адну пазіцыю.