Антыфэйк / фактчэк

29 лістапада

Дэпутат Гігін: Толькі ў Беларусі расце колькасць зуброў, рысяў і мядзведзяў. Нашлі няўлічаных жывёл

Каманда WTF вывучыла, як змянялася папуляцыя некаторых жывёл у Беларусі і іншых краінах.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 15.11.2024
У Беларусі ў адрозненні ад Еўропы расце колькасць некаторых відаў лясных жывёл, пахваліўся поспехамі краіны ў сферы экалогіі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Гігін. Каманда Weekly Top Fake праверыла ўнікальнасць беларускіх дасягненняў.

У Беларусі ўказам Аляксандра Лукашэнкі дазволілі паляванне на чырвонакніжных жывёлаў — мядзведзя і рысь. Да гэтага адстрэльваць іх забаранялася з-за малой колькасці. У час абмеркавання гэтай тэмы 15 лістапада 2024 года ў эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзім Гігін расказаў пра экалагічныя дасягненні Беларусі, заявіўшы, што толькі ў нас у краіне расце колькасць некаторых лясных насельнікаў. 

— У якой краіне Еўропы расце пагалоўе зуброў, рысяў і мядзведзяў? Ні ў якой. Там няма іх, — сказаў Гігін.

— Гэта ж кажа… Пэўнае дзеянне ў паляпшэнні экалагічнага становішча, — падтрымала яго дырэктарка прадстаўніцтва міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская.

Каманда WTF вывучыла, як змянялася папуляцыя некаторых жывёл у Беларусі і іншых краінах. 

Пагалоўе зубра па ўсім свеце адсочвае так званая Кніга радаводу зуброў. Яе складальнікі кожны год запытваюць афіцыйную інфармацыю ў краін, якія ўлучаюць у каталог. У Беларусі за апошнія 20 гадоў колькасць гэтай жывёлы вырасла з меней чым 600 асобін да больш чым 2,7 тысячы, гаворыцца ў Кнізе. Паводле дадзеных Белстата за 2023 год, апошні лік на сотню больш — 2833 зубры. 

У Польшчы зуброў прыкладна столькі ж, як і ў Беларусі. І за апошнія 20 гадоў іх колькасць вырасла ў 3,5 разу. Лідар па ўзросце папуляцыі — Расея. Там зафіксавалі павелічэнне ў восем разоў. Але колькасць жывёл там менш, чым у Польшчы ці Беларусі. Папуляцыя зуброў павялічваецца таксама ў Францыі, Чэхіі, Балгарыі, Нідэрландах, Швецыі, Украіне і іншых краінах. Колькасць гэтых жывёл у свеце за апошнія 20 гадоў вырасла амаль у чатыры разы — цяпер іх больш за 11 тысяч. 

Мядзведзяў і рысяў у Еўропе таксама робіцца больш. У залежнасці ад віду жывёлы, папуляцыя ў розных краінах або памнажаецца, або стаіць на месцы. 

Агульнасусветныя тэндэнцыі па фаўне трывожныя. Паводле дадзеных Сусветнага фонду дзікай прыроды, сярэдні памер сочаных папуляцый дзікіх жывёл скараціўся больш чым на 70% за апошнія 50 гадоў. Галоўным чынам з-за развіцця сельскай гаспадаркі, празмернага палявання і вылаву рыб, з'яўлення чужынных відаў і хвароб.