Антыфэйк / фактчэк

01 ліпеня

Камуналка на пяць гадоў за месячную пенсію? Праверылі лічбы з посту «ЖС Прэміум»

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацуючага беларускага пенсіянера, па дадзеных Мінпрацы за чэрвень 2024 года, — каля 800 рублёў. Гэта прыкладна €230.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 22.06.2024
Аплаціць камунальныя паслугі за тры-пяць гадоў беларускія пенсіянеры могуць з адной месячнай пенсіі, распавёў латвійскі блогер, які пераехаў жыць у Беларусь. Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці так гэта.

Аповед блогера Максометра з Латвіі пра тое, як добра жывецца беларускім пенсіянерам, 22 чэрвеня 2024 года апублікаваў тэлеграм-канал «ЖС Прэміум». 

«Давайце параўнаем, як жывуць пенсіянеры ў Беларусі і як жывуць пенсіянеры ў Латвіі. Пенсіянер у Беларусі, ну, сярэднестатыстычны пенсіянер, у стане са сваёй штомесячнай пенсіі аплаціць за кватэру або за дом, ну, дзесьці за 6 месяцаў, на год, на два, на тры, на пяць. Гэта ўсё рэальна. А латвійскі пенсіянер сярэднестатыстычны, у яго, дапусцім, пенсія 320 еўра, а за кватэру зімой — 270 еўра», — падлічыў блогер.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацуючага беларускага пенсіянера, па дадзеных Мінпрацы за чэрвень 2024 года, — каля 800 рублёў. Гэта прыкладна €230. 

У кастрычніку 2023 года намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка распавёў, у колькі ў сярэднім беларусам абыходзяцца камунальныя паслугі: 

«Кошт за жыллёва-камунальныя паслугі, уключаючы ацяпленне, у стандартнай двухпакаёвай кватэры плошчай 48 кв.м, дзе жыве двое грамадзян, будзе складаць блізу 153 рублёў».

Фактычная сума можа вагацца ў залежнасці ад колькасці спажытых кубаметраў, калорый і кілават. Дадаткова аплачваюцца некаторыя іншыя паслугі, да прыкладу, тэлефон і інтэрнэт. 

Атрымліваецца, што сярэдняй пенсіі хопіць, каб аплаціць камуналку за дваіх за 5-6 месяцаў. Калі пенсіянер жыве адзін, то на пару месяцаў даўжэй. 

Паводле афіцыйных звестак, у Латвіі летась сярэдняя пенсія склала не €320, як сказаў блогер, а €560. Гэта ў 2,5 разы больш, чым у Беларусі. Але камуналка там сапраўды даражэй, у некаторых дамах можа дасягаць €250 зімой.