Антыфэйк / фактчэк

05 жніўня 2022

Фэйкі тыдня: беларусы з 2015 года сталі багацейшымі на 20% – Шпакоўскі

Але гэта не ўся праўда

Аўтары:
Рэдактары:
Беларусы не бяднеюць, і з 2015 года іх даходы выраслі на 20%. Такі аргумент прывёў прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі ў гутарцы з супрацоўнікам газеты «Менская праўда». Той спытаўся ў яго парады, як змагацца з хлуснёй падчас інфармацыйнай вайны.

«Калі кажуць, што народ бяднее, трэба ўказваць, што гэта не зусім так. ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці на душу насельніцтва з 2015 года вырас на 20% і дасягнуў 22 тысяч долараў у пераліку на чалавека», – заявіў Шпакоўскі.

Сапраўды, ВУП Беларусі на душу насельніцтва, разлічаны па парытэту пакупніцкай здольнасці – гэта значыць з улікам узроўню спажывецкіх коштаў – летась склаў $21.600 долараў на чалавека. І з 2015 года ён вырас на 20%.

Але гэта не ўся праўда. Гэта самы маленькі паказнік росту на постсавецкай прасторы, за выключэннем Азербайджану. У Казахстане за гэты ж перыяд ВУП па парытэту пакупніцкай здольнасці вырас на 23% і склаў 28 тысяч 600 долараў – больш, чым у Беларусі.

Напрыклад, у Расеі паказнік вырас на 36%, у Малдове на 69%, Літве – на 48%, і нават ва Украіне – на 39%.

Больш за тое, Аляксандр Шпакоўскі нездарма ўзяў за аснову 2015 год, бо на піку росту Беларусь была ў 2014 годзе, а ў 2015 ужо пачаўся спад. А па паказніку ВУП на душу насельніцтва Беларусь да гэтага часу не вярнулася на ўзровень дакрызіснага 2014 года.

Італьянскія піцы і макароны робяць з расейскай пшаніцы

Знакамітыя італьянскія піцы і макароны насамрэч робяцца з расейскай пшаніцы. Пра гэта ў праграме «Маркаў. Нічога асабістага» на беларускім канале АНТ распавёў палітолаг Аляксей Бяляеў.

«Улічваючы што сельскагаспадарчую вытворчасць у Еўропе таксама такая выбарачная. Яны тое з'яўляюцца адным з буйных спажыўцоў збожжа, яны яго самі не гадуюць. Тая ж Італія забірае больш за чвэрць збожжа, якое пастаўляецца ў Еўропу. Вось гэтыя ўсе знакамітыя піцы, макароны - яны-то па ісце адкуль? З расійскай пшаніцы. Давайце ўжо казаць прама - расейска-украінская пшаніца. А нам кажуць, вось якія ў нас цудоўныя якасныя прадукты. З чаго вы іх робіце - пытанне».

Ну што ж праверым словы чалавека, які загадвае кафедрай паліталогіі ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Як вядома, знакамітыя італьянскія макароны вырабляюцца пераважна з цвёрдых гатункаў пшаніцы. Правяраем дзе Італія закупляе такую пшаніцу. У 2020 годзе, напрыклад, яна закупіла цвёрдай пшаніцы на 887 млн долараў. Амаль палову - у Канадзе, пятую частку - у ЗША, затым ідуць Францыя і Грэцыя. А ўклад Расіі - толькі 1,4 працэнта.

Неяк замала, каб сцвярджаць, што італьянскія макароны сваім густам абавязаны расейскай пшаніцы. На ўсялякі выпадак правяраем агульную статыстыку па імпарце ўсёй пшаніцы ў Італію. Але і тут доля Расіі - у межах статыстычнай памылкі - крыху менш за 1,5%.

Атрымліваецца, што толькі паўтара працэнта італьянскіх макаронаў і піцы складаецца з расейскай мукі.

Польскія грамадзяне могуць займаць дзяржаўныя пасады ва Украіне

Дзяржаўныя пасады ва Украіне могуць займаць польскія грамадзяне, заявіў палітычны аналітык Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры перадачы «60 хвілін» на тэлеканале «Расея-1».

«Польскім грамадзянам прадастаўлены на Украіне так званыя асаблівыя правы, якія дазваляюць допуск да дзяржаўных сакрэтаў і заняцця дзяржаўных пасад. І гэта вынік палітыкі Зяленскага».

Тое самае ён распавёў беларускай аўдыторыі ў эфіры «Альфа Радыё»

«Прыняты закон аб асаблівым статусе грамадзян Польшчы ва Украіне. Згодна з якім грамадзяне Польшчы атрымліваюць тыя ж правы, як і карэнныя ўкраінцы, могуць прызначацца на дзяржаўныя пасады, у тым ліку звязаныя з допускам да дзяржаўных сакрэтаў. Так? Так».

Гэтая тэма трапіла ў расійскія і беларускія дзяржаўныя СМІ пасля таго, як Зяленскі анансаваў у маі прыняцце закона аб асаблівым статусе грамадзян Польшчы ва Украіне. Тады расійскія работнікі ТБ заявілі, што нехта ўжо бачыў праект украінскага закона і там запісана, што палякі могуць дапускацца да дзяржслужбы ва Украіне, быць суддзямі і атрымліваць допуск да дзяржсакрэтаў.

І вось на мінулым тыдні той самы закон Зяленскага Вярхоўная Рада прыняла, ягоны тэкст ёсць у вольным доступе і кожны мае магчымасць пераканацца, што гэта няпраўда».

Вось тэкст гэтага закону. У першым артыкуле гаворыцца аб тым, што палякі маюць права знаходзіцца на тэрыторыі Украіны 18 месяцаў без усялякіх абмежаванняў.

У другім артыкуле пералічана, што грамадзяне Польшчы могуць без дадатковых дазволаў уладкоўвацца на працу ў Украіне, плаціць падаткі, атрымліваць сацыяльную абарону, займацца бізнесам, вучыцца, атрымліваць сацыяльныя выплаты, атрымліваць дапамогу па інваліднасці, і медыцынскае абслугоўванне на тых жа ўмовах, што і ўкраінцы . Вось і ўсе асаблівыя правы. 

Акрамя таго, у доказ слоў Шпакоўскага ў эфіры быў прадэманстраваны артыкул з польскай газеты Dziennik Wschodni з загалоўкам «Уладзімір Зяленскі мае намер вярнуць Украіну Польшчы».

Гэта яшчэ адзін фэйк, які ўжо абвергла сама газэта. Насамрэч такога артыкула ў газеце не было, гэта мантаж, а першая паласа ў гэтым выпуску газеты выглядала зусім інакш.

Траціна тэрыторыі Украіны выкуплена амерыканцамі  

Траціна тэрыторыі Украіны выкуплена амерыканцамі, заявіў Марат Маркаў у эфіры АНТ падчас інтэрв'ю з палітолагам Аляксеем Бяляевым. Гэтую інфармацыю адначасова пачалі агучваць многія беларускія і расейскія СМІ.

«Расея кантралюе пятую частку зараз. Яшчэ трэць тэрыторыі выкуплена амерыканцамі. будзем казаць прама - выкуплена. Яны купілі Італію сабе. 

Прычым 40 тысяч грыўняў кошт аднаго гектара сельгасзямель. Гэта прыкладна 1300. Я думаю любы беларус з задавальненнем прыкупіў бы гектар сельгасугоддзяў, чарназёму за 1300 долараў. Дык вось амерыканцам абышлася трэць Украіны ўсяго ў 2 млрд».

Адкуль Маркаў узяў такую інфармацыю? Зараз раскажам. Мяркуючы па ўсім, ён прачытаў артыкул на сайце Аustralian national review, на які спасылаюцца расейскія СМІ. Там сцвярджаецца, што тры буйныя амерыканскія транснацыянальныя карпарацыі скупілі 17 млн гектараў ўкраінскіх сельгасугоддзяў - гэта значыць трэць усіх сельгасугоддзяў краіны. 

Крыніца інфармацыі - журналістка Лаура Эбалі. Яна ў сваю чаргу спасылаецца на публікацыю Оклендскага інстытута. 

Уважліва чытаем артыкул гэтага інстытута, але нажаль, у ім няма ні намёку на звесткі, якія пацвердзілі б гэтыя заявы. Нават наадварот, там ідзе гаворка аб тым, што ва Украіне буйныя кампаніі могуць толькі браць землі ў арэнду, а не набываць ва ўласнасць. Такім чынам, Лаура Эбалі нічым не змагла даказаць гэтую інфармацыю.

А вось яшчэ пару фактаў, якія даказваюць, што сцвярджэнні Маркава не адпавядаюць рэчаіснасці.

Першае. Юрыдычныя асобы не могуць купляць і прадаваць зямлю ва Украіне ва ўласнасць. З ліпеня 2021 года гэта могуць рабіць толькі фізічныя асобы, і толькі да 100 гектараў. 

Другое. Юрыдычныя асобы змогуць купляць сельгасзямлі ва Украіне толькі з 2024 года, але замежным кампаніям усё роўна гэта забаронена рабіць. 

І апошні факт. Па дадзеных Дзяржаўнай службы па геадэзіі, картаграфіі і кадастры, ва Ўкраіне за год прадалі і купілі ўсяго 260 тысяч гектараў зямельных участкаў. А ніяк не 17 млн га.

Сельскай гаспадаркі ў Літве больш няма

У Літве знішчана сельскую гаспадарку, заявіў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь-1». Сказаў ён гэта падводзячы гледача да таго, што ў Беларусі мудры кіраўнік гэтага не дапусціў і зараз ёй не пагражае голад. 

«А ў многіх краінах увогуле сельская гаспадарка як такая знішчана, асабліва былога Савецкага Саюза. Гавораць, навошта вам, літоўцы, вырабляць бульбу. Мы вам прывязем з Іспаніі».

Аб'явіць аб знішчэнні сельскай гаспадаркі ў Літве Іван Эйсмант крыху паспяшаўся. Як ні дзіўна, усе гэтыя гады Літва сама сябе забяспечвае асноўнымі прадуктамі харчавання. Напрыклад, у 2020 г. самазабяспечанасць збожжам і прадуктамі з яго там склала 400%. Гэта значыць, у чатыры разы больш, чым трэба самой Літве. Ялавічынай і цяляцінай Літва сябе забяспечвае амаль на 300%, птушкай - на 108%, малаком і прадуктамі яго перапрацоўкі - на 145%, яйкамі - на 114%. Гэта значыць, па асноўных пробуктах - лішкі.

Маленькая Літва яшчэ ўмудраецца экспартаваць прадукцыю сельскай гаспадаркі і харчавання на 6 млрд долараў. З іх 4,5 млрд долараў - гэта прадукцыя літоўскага паходжання. Гэта дадзеныя за 2020 год.

Пры гэтым, Беларусь у тым годзе прадала на экспарт харчавання… таксама амаль 6 млрд долараў. У 2021-м ледзь не дацягнула да 7 млрд. Колькі з яе прадукцыі чыста беларускага паходжання, статыстыка не паведамляе.

Атрымліваецца, што маленькая Літва са знішчанай сельскай гаспадаркай - як выказаўся Эйсмант - сувымерная па экспарце харчавання з Беларуссю, якая ў 3 разы большая па тэрыторыі і па насельніцтве.

Расею ў вайне падтрымлівае пераважная большасць краін

На баку Расеі пераважная большасць краін, заявіў Ігар Каратчанка, галоўны рэдактар расійскага часопіса «Нацыянальная абарона» ў эфіры перадачы «60 хвілін» на «Расея-1». Гаворка ішла, вядома ж, аб вайне.

«Цяжка пераацаніць значэнне таго, што мы сказалі рашучае няма панавання сусветнага гегемона, мы мяняем сусветны парадак, на нашым баку пераважная большасць краін».

Праверыць гэта не складана. У сакавіку ААН аж двойчы прымала рэзалюцыі з асуджэннем Расеі і патрабаваннем неадкладна спыніць баявыя дзеянні ва Украіне - 2 і 24 сакавіка. Усе краіны мелі магчымасць выказацца з гэтай нагоды ажно два разы.

І вынік быў такі. 2 сакавіка за рэзалюцыю з асуджэннем Расеі прагаласавала 141 краіна, 35 дзяржаў устрымаліся і 4 дэлегацыі прагаласавалі супраць асуджэння Расеі - Беларусь, Паўночная Карэя, Сірыя і Эрытрэя.

24 сакавіка вынік быў падобны. 140 краін прагаласавалі за асуджаючую Расію рэзалюцыю, 4 краіны плюс сама Расея супраць, і 38 устрымаліся. Гэта значыць, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што адкрыта падтрымліваюць Расію толькі 4 краіны ў свеце.

І нават калі дапусціць, што тыя, хто ўстрымаўся, таксама на баку Расеі, але проста баяцца аб гэтым адкрыта заявіць, то гэта яшчэ плюс 38 краін. Разам 23% галасуючых.

Тэарэтычна да іх можна дадаць яшчэ дзве краіны, якія першы раз прагаласавалі за асуджэнне Расеі, а другі раз устрымаліся - гэта Паўднёвы Судан і Ірак. Разам набіраецца 44 краіны. У той час як 140 - агрэсію асудзілі. Гэта неяк зусім не падобна на пераважную большасць.

Гурт Rammstein уключыў песню Газманава ў знак падтрымкі Расіі. 

Нямецкі гурт Rammstein на канцэрце ў Таліне ўключыў песню Газманава «Расія, наперад!» у знак яе падтрымкі. Аб гэтым пасля канцэрта напісалі многія расійскія СМІ.

Тое, што гэта фэйк, нам пацвердзілі і нашыя супрацоўнікі, якія прысутнічалі на гэтым канцэрце, і відэа канцэрта ў інтэрнэце, на якім удзельнікі гурта дэманструюць сваё стаўленне да Расіі з дапамогай украінскага сцяга на сцэне. А каго яны падтрымліваюць у гэтай вайне, можна пачытаць на іх сайце.

«Група Rammstein хацела б выказаць падтрымку народу Украіны, які супраціўляецца з жахлівай агрэсіяй з боку расейскага ўрада».