У Дзень незалежнасці Беларусі, 3 ліпеня 2025 года, украінскія памежнікі змясцілі на мяжы плакат з карыкатурнай выявай Уладзіміра Пуціна, якога нагой выштурхваюць з беларускай тэрыторыі. Надпіс гаварыў: «Абарані суверэнітэт сваёй Радзімы!».
На наступны дзень Рыгор Азаронак адказаў на гэта віншаванне, абвінаваціўшы Украіну ў залежнасці ад ЗША. У якасці доваду ён паказаў здымак.
«Уключыце нам, калі ласка, фатаграфію 2014 года. Вярхоўная Рада Украіны, паседжанне Рады міністраў. Паседжанне Рады міністраў праводзіць дзяржсакратар, на той момант Байдэн, чужой краіны. Вы можаце сабе ўявіць, што прыедзе ў Беларусь Пуцін і збярэ наш Саўмін, і сядзе на чале стала, і будзе нешта ўказваць?» — задаў пытанне вядоўца ў праграме «Азаронак. Наўпрост» на тэлеканале СТБ.
На фотаздымку сапраўды бачны Джо Байдэн, які сядзіць за сталом у зале Вярхоўнай Рады на фоне ўкраінскага сцягу і лагатыпаў парламенту. Насупраць яго размясціліся ўкраінскія палітыкі ў дзелавых гарнітурах. Аднак гэта — не паседжанне Рады міністраў, як сцвярджае Азаронак.
Каманда WTF высветліла, што здымак зроблены 22 красавіка 2014 года падчас сустрэчы Байдэна (тады віцэ-прэзідэнта ЗША) з лідарамі дэпутацкіх фракцыяў і груп Вярхоўнай Рады ў Кіеве. Украінскія палітыкі казалі пра патрэбу ўвесці санкцыі супраць Расеі, амерыканскі віцэ-прэзідэнт падтрымаў запланаваныя рэформы.
Аляксандр Лукашэнка таксама сустракаўся з замежнымі парламентарамі. У сакавіку сёлета ён выступіў з прамовай у Савеце Федэрацыі — верхняй палаце расейскага парламенту.