Антыфэйк / фактчэк

16 верасня

«Бірмінгем ужо не той»: «Менская праўда» выдала малітву мусульман за пасяджэнне гарадской рады

Каманда WTF знайшла арыгінал відэа.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 30.08.2024
У гарадской радзе брытанскага Бірмінгему нібыта не засталося брытанцаў — адны выхадцы з краін ісламскага свету. Такая заява прагучала ў эфіры YouTube-каналу «Менскай праўды». У пацвярджэнне гэтаму паказалі відэа, зробленае быццам бы перад пачаткам пасяджэння. Каманда Weekly Top Fake знайшла арыгінал запісу. 

Пытанне складу гарадской рады ў Бірмінгеме закранулі 30 жніўня 2024 года ў эфіры праекту «Вострая палітыка» на YouTube-канале «Менскай праўды».

«Брытанскі Бірмінгем ужо не той. У сацсетках абмяркоўваюць ролік перад пачаткам пасяджэння гарадской рады Бірмінгему. На хвілінку, гэта ў Брытаніі. Ну а пытанне галоўнае: калі ён, гэты горад, паспеў уступіць у ААЭ? Таму што сярод засядацеляў брытанцы апынуліся толькі ў ахове. Не зразумела, ад каго яны іх ахоўваюць, ну ды добра. Не так сабе брытанцы ўяўлялі інклюзіўнасць, але пытацца ў іх асабліва ніхто ўжо і не збіраецца. Як паказалі нядаўнія пратэсты, саджаць будуць нават за посты ў інтэрнэце», — сказаў вядоўца і паказаў відэаролік, які нібыта пацвярджае ягоныя словы. 

Каманда WTF знайшла арыгінал гэтага відэа. Яно распаўсюджваецца ў сацсетцы Х і ВКонтакте як відэа з гарадской рады Бірмінгему. Час яго з'яўлення прыкладна супадае з паказам на канале «Менскай праўды» — канец жніўня.

Двума тыднямі раней, 13-14 жніўня, гэты ж ролік з'явіўся ў інтэрнэце пад загалоўкам «Ісламская малітва ў Бірмінгеме, Вялікая Брытанія». У Instagram і TikTok у загалоўку — пытанне «Што вы заўважылі?» У каментарах пад відэа пішуць, што звярнулі ўвагу на прысутнасць брытанскай паліцыі. 

Гарадская рада Бірмінгему выглядае не так, як паказана ў роліку. Гэта можна ўбачыць на яе афіцыйным сайце, дзе размешчаны трансляцыі пасяджэнняў.

На запісы з пасяджэння рады ў ліпені бачна, што памяшканне і абстаноўка, у якой яно праходзіць, адрозніваюцца ад таго, што паказана ў роліку «Менскай праўды». І аўдыторыя выглядае інакш. Пасяджэнні камітэтаў таксама праходзяць у іншых абставінах.