Пра ўнікальныя запчасткі для Boeing, якія вырабляюцца толькі ў Расеі, распавялі 22 траўня 2024 года ў праграме «Трэнды» на «Беларусь 1».
«Механічнай дэталлю сістэмы з'яўляюцца цеплаабменнікі. Іх робяць у Расеі. Пасля ўвядзення ЗША санкцый супраць Расеі пастаўкі спыніліся. Аказваецца, больш ніхто іх у прамысловых маштабах не робіць акрамя абкладзенай санкцыямі Расейскай Федэрацыі», — прагучала ў эфіры.
Па запыце «цеплаабменнікі для Боінга з Расеі» гугл выводзіць на амерыканскую газету The Wall Street Journal. У пачатку траўня там выйшаў артыкул пра гэтыя дэталі. Відаць, з яе вядоўца АТН і ўзяў інфармацыю. Толькі перадаў яе няправільна.
Расея не робіць унікальныя цеплаабменнікі для Boeing. Іх вырабляе амерыканская кампанія Raytheon Technologies Corp. У РФ у яе было сумеснае прадпрыемства «Хамільтан Стандарт-Навука».
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, у сакавіку 2022 года амерыканская кампанія закрыла там вытворчасць і перанесла яе на заводы ў ЗША і Вялікую Брытанію. Першы час заказаў было няшмат, таму прадпрыемства спраўлялася. А цяпер яго магутнасцяў недастаткова, каб закрыць патрэбы ў дэталях.
Гэта значыць, што санкцыі парушылі адладжаны механізм паставак цеплаабменнікаў для Boeing.