Антыфэйк / фактчэк

15 ліпеня 2023

Зяленскі з нацысцкімі шаўронамі і баявая саранча на пасевах Луганшчыны. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк 1: Ва Украіне хлопцы збілі ваенкама

Дата з'яўлення фэйка: 29.05.2023
Маладыя ўкраінцы збілі ваенкама, паведамілі аўтары тэлеграм-каналу «Украина.ру». Пост з відэа нібыта пра гэта апублікавалі 29 траўня 2023 года. На запісы хлопцы б'юць рукамі і нагамі мужчыну ў камуфляжнай форме.

«А мы ж папярэджвалі, што рана ці позна ўкраінскіх ваенкамаў будуць проста біць», — напісалі аўтары посту.

Журналісты «Лукавых навін» знайшлі арыгінал відэа ў сюжэце ўкраінскага тэлеканалу «1+1». Апублікавана яно было ў кастрычніку 2021 года, то бок за амаль паўгода да пачатку поўнамаштабнай вайны. Адбываецца на відэа не тое, што апісваюць аўтары «Украина.ру».

«У пасёлку Торчын каля Луцка група моладзі пабіла вайскоўца. 50-гадовы мужчына стаяў на прыпынку, калі да яго пачалі прыставаць невядомыя. Відавочцы знялі відэа, на якім бачна, як мужчыну ў форме б'юць нагамі і кулакамі. У пацярпелага зламаны нос і сінякі, аднак пісаць заяву ў паліцыю ён адмовіўся», — распавялі ў сюжэце. 

Фэйк 2: Афраамерыканец Джордж Флойд памёр ад перадазіроўкі наркотыкамі, а не ад траўмаў, нанесеных паліцыянтам

Дата з'яўлення фэйка: 02.06.2023
У ЗША высветлілі сапраўдную прычыну смерці афраамерыканца Джорджа Флойда, заявіла 2 чэрвеня 2023 года вядоўца праграмы «Здравствуйте, товарищи!» на канале «Звезда» Вольга Бялова. Мужчына загінуў у траўні 2020 года ў Мінеапалісе пры затрыманні паліцыяй. Па дадзеных следства, паліцыянт Дэрэк Шовін на працягу амаль дзевяці хвілін душыў яго каленам. Пасля гэтага ў ЗША і свеце пачаўся рух супраць расізму Black Lives Matter. 

«На гэтым тыдні пацвердзілася, <...> што ён памёр ад перадазіроўкі наркотыкаў. Па выніках выкрыцця апынулася, што Флойд не меў небяспечных для жыцця траўмаў, а там у крыві такое знайшлі — увесь спіс табліцы Мендзялеева. А паліцыянт, які яго затрымліваў, да гэтага часу ў турме», — агучыла Бялова нібыта сапраўдную прычыну смерці афраамерыканца. 

Першым пра смерць ад перадазіроўкі напісаў тэлеграм-канал Mash і апублікаваў частку справаздачы аб анатаміраванні Флойда ад 1 чэрвеня 2020 года. 

«Джордж Флойд памёр ад перадазіроўкі. Афіцыйна. Гэта паказала анатаміраванне. У яго крыві знайшлі вытворныя фентанілу, канабіноіды, амфетамін і шмат чаго яшчэ. Наступстваў несумяшчальных з жыццём траўмаў, якія яму мог нанесці Дэрэк Шовін, эксперты не знайшлі», — сказана ў посце.

У дакуменце сапраўды пазначана, што ў крыві Флойда знайшлі наркотыкі, але няма інфармацыі пра прычыны смерці. 

Прычыны смерці пазначаныя ў прэс-рэлізе цэнтру медычнай экспертызы, які праводзіў анатаміраванне цела мужчыны. І гэта — «сардэчна-лёгачная недастатковасць, якая ўскладнілася праз прыгнёт праваахоўнымі органамі, утрымліванне і здушэнне шыі». Спосаб смерці — забойства. Гэтая ж прычына смерці напісаная ў пасведчанні аб смерці, выдадзеным у снежні 2020 года. 

Пра тое, што не наркотыкі былі прычынай смерці, гаварылася і на судзе над паліцыянтам Дэрэкам Шовінам, якога прызналі вінаватым у смерці Джорджа Флойда. Пра гэта заявіў доктар Эндру Бэйкер, які праводзіў анатаміраванне, а таксама незалежная экспертка, памочніца судова-медычнага эксперта, доктарка Ліндсі Томас. Яна тады сказала, што на відэазапісах не бачныя фізічныя прыкметы перадазіроўкі наркотыкамі. Таксама не было прыкмет раптоўнай смерці, як ад сардэчнага прыступу.

«Няма ніякіх доказаў таго, што ён памёр бы той ноччу, за выключэннем узаемадзеяння з праваахоўнымі органамі», — сказала яна.

Фэйк 3: Украінскія вайскоўцы скардзяцца на заходнюю тэхніку, а інструктары — на іх

Дата з'яўлення фэйка: 12.06.2023
Украінскія вайскоўцы скардзяцца, што заходняя тэхніка не падыходзіць для Украіны, а інструктары, якія навучаюць жаўнераў УСУ, незадаволеныя імі, напісалі 12 чэрвеня 2023 года аўтары тэлегам-каналу «Украина.ру». У якасці доказу прымацавалі скрыншот матэрыялу The Wall Street Journal нібыта пра гэта. 

«Баевікі УСУ скардзяцца на заходнюю тэхніку, а замежныя інструктары — на ўкраінскіх жаўнераў.

Пра гэта піша The Wall Street Journal:

"Заходнія машыны былі створаныя для гарадскіх баёў і пустыні. У нашай рэальнасці яны могуць праехаць, але з цяжкасцю", — заявіў амерыканскім СМІ ўкраінскі камандзір з пазыўным "Фін".

У сваю чаргу, амерыканскія журналісты пагутарылі і з інструктарамі, якія рыхтавалі жаўнераў УСУ, якія паскардзіліся СМІ, што да іх на навучанне адправілі “непісьменных сялян”», — гаворыцца ў каментары пад скрыншотам.

Журналісты «Лукавых навін» не знайшлі ў матэрыяле The Wall Street Journal згадак камандзіра з пазыўным «Фін». Больш за тое, цытаты, прыведзенай у посце, няма ў тэксце. Гэты рэпартаж — пра расстаноўку сіл і гатовасць украінцаў да контрнаступу. 

У ім ёсць інфармацыя пра страчаныя танкі і слабы кантроль паветранай прасторы і няма скаргаў на іншую тэхніку ці на саміх украінскіх вайскоўцаў. Наадварот, лонданскі абаронны аналітык кажа: 

«Украінскія сілы спрабуюць зрабіць тое, на што цяпер не здольныя ніякія іншыя еўрапейскія ўзброеныя сілы: праводзіць маштабныя ўстойлівыя агульнавайсковыя аперацыі супраць роўнага праціўніка ў высокаінтэнсіўнай вайне паміж дзяржавамі». 

Фэйк 4: УСУ вырошчвалі баявую саранчу, якая атакавала пасевы ў акупаванай Луганскай вобласці

Дата з'яўлення фэйка: 02.06.2023
Украінскія вайскоўцы ва ўсходніх рэгіёнах краіны вырошчвалі баявую саранчу з ЗША, распавяла дзяўчына з закрытым тварам на відэа, якое 2 чэрвеня 2023 года паказала РИА «Новости». Яна паведаміла, што потым гэтыя насякомыя атакавалі пасевы ў акупаванай Луганскай вобласці. Доказ гэтаму — знойдзены ў мясцовай санстанцыі ліст вайскоўцам з просьбай забяспечыць суправаджэнне грузу з Вашынгтонскага даследчага ўніверсітэту.

«Наогул, у гэтае месца і заняцца гэтай тэмай мы не проста так прыйшлі, а нас наштурхнуў дакумент, які мы знайшлі ў Рубяжанскай санітарнай станцыі. Гэты ліст-суправаджэнне 57-й брыгады, якая на той момант размяшчалася дзесьці ў раёне Рубежнага, пра тое, што трэба суправадзіць дзве машыны, якія прыбылі з грузам з Вашынгтона, са штату Місуры. Калі паглядзець у інтэрнэце, у адкрытых крыніцах, то вось гэтая вось лабараторыя, менавіта гэты ўніверсітэт займаўся вывядзеннем баявых насякомых. Ён першы пачаў ставіць эксперыменты на саранчы», — кажа дзяўчына. 

Яна паказвае дакумент, на якім стаіць дата «10 травня 2019 Г.». Але на ўкраінскай мове год — гэта «рік». Значыць напрыканцы павінна стаяць літара «Р». Ужо гэтая дэталь наводзіць на думку, што ліст — падробка. 

У 2016 годзе навукоўцы з Вашынгтонскага ўніверсітэту сапраўды атрымалі грант на даследаванне нюху саранчы для стварэння новых біярабатызаваных сэнсарных сістэм, якія можна было б выкарыстоўваць у мэтах нацыянальнай бяспекі. Пра поспехі ў працы яны паведамілі ў 2020 годзе, то бок амаль праз год ад даты, названай у лісце. 

У навукоўцаў атрымалася запраграмаваць саранчу на ўспрыманне розных пахаў, у тым ліку выбуховых рэчываў. У даследчай працы групы, апублікаванай у BioRxiv, гаворыцца, што насякомых выкарыстоўвалі для выяўлення газаў, што выдзяляюцца нітратам амонія, які часта выкарыстоўваюць тэрарыстычныя групы для вырабу бомбаў, а таксама ваеннымі выбуховымі рэчывамі трацілам і гексагенам. Журналісты «Лукавых навін» не знайшлі інфармацыі, што гэтую распрацоўку пачалі ўжываць у ваенных канфліктах. 

Нашэсці саранчы, якая знішчае пасевы як на Поўдні і Усходзе Украіны, так і на Поўдні Расеі, адбываюцца амаль штогод. Напрыклад, у 2015 годзе, то бок задоўга да таго, як у Рубежным нібыта падпісалі ліст-суправаджэнне, гэтыя насякомыя знішчылі пасевы на паўднёвым захадзе Стаўрапольскага краю. Міністэрства сельскай гаспадаркі тады абвясціла надзвычайнае становішча.

Улетку 2016 года саранча дабралася да Кубані. У 2017 годзе медыі пісалі, што гэтыя насякомыя запаланілі Крым. У 2018-м саранча зноў гаспадарыла ў Стаўрапольскім краі. У 2019 годзе, упершыню за доўгі час і праз амаль два месяцы пасля нібыта суправаджэння амерыканскага грузу, на Луганскую вобласць таксама абрынулася нашэсце саранчы. І для гэтага былі аб'ектыўныя прычыны.

Медыі пісалі, што яшчэ ў 2014 годзе прадстаўнікі ўзброеных фармаванняў абрабавалі і знішчылі абсталяванне аднаго з буйных прадпрыемстваў раёна ААТ «Луганський рибокомбінат». Гэта тое самае прадпрыемства, пра якое гаварылася ў лісце з відэа. Штучныя сажалкі, якія знаходзіліся там, з часам высахлі і ператварыліся ў балоты, якія пасля сталі агменем размнажэння саранчы. 

То бок камбінат раскралі сепаратысты, але, паводле версіі РИА «Новости», амерыканскую саранчу везлі менавіта туды. 

Пісалі ў медыях і пра тое, што гэта была за саранча, якая напала на Луганскую вобласць:

«Згодна з вынікамі энтамалагічных даследаванняў і высноў фітасанітарнай экспертызы Луганскай абласной фітасанітарнай лабараторыі ад 15.07.2019 №ФЛ12/000735-В від насякомых ідэнтыфікаваны як саранча пералётная, асноўныя рэзервуарныя папуляцыі якой шырока прадстаўленыя ва Украіне. Пры спрыяльных умовах насякомыя пераходзяць у статкавую форму развіцця».

Фэйк 5: «Украіна завралась»: Расейскі журналіст дапісаў артыкул французскага выдання

Дата з'яўлення фэйка: 13.06.2023
Маскве было нявыгадна падрываць Кахоўскую ГЭС, сцвярджае расейскі журналіст Руслан Асташко. Ён апублікаваў 13 чэрвеня 2023 года ў сваім тэлеграм-канале «Осташко! Важное» пост пра гэта і пераказаў у ім нібыта кароткі змест артыкулу французскага выдання Le Figaro. 

«Газета піша, што Украіна занадта хутка абвінаваціла ў падрыве Расею, хоць нашай краіне гэта было відавочна не на руку.

"Пуцін не той палітык, які будзе "страляць сабе ў нагу". Да таго ж, свет не чуў ад яго хлусні і не бачыў яго панікі ў адрозненні ад Зяленскага. Навошта Маскве гэта рабіць, калі рускія перамагаюць украінцаў на ўсіх франтах", — сказана ў артыкуле.

Выданне зазначыла факты папярэдніх абстрэлаў плацін украінскай артылерыяй.

"Украіна залгалася", — рэзюмавала Le Figaro"», — напісаў Асташко.

У арыгінале артыкулу французскага выдання няма тэзісаў, пералічаных у посце. У тэксце прыведзеныя асноўныя факты і выказванні палітыкаў пра падрыў ГЭС, вядомыя на дзень публікацыі — 6 чэрвеня. Там няма інфармацыі пра магчымую нявыгаднасць падрыву Маскве і Уладзіміру Пуціну, метафар і ацэначнага рэзюмэ.

Фэйк 6: Зяленскі папрасіў прабачэння ў жыхароў Данбаса і павіншаваў расейцаў З Днём Расеі

Дата з'яўлення фэйка: 12.06.2023
Па тэлевізары прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі папрасіў прабачэння ў жыхароў Данбасу і павіншаваў расейцаў з Днём Расеі — такія відэа, знятыя ў розных кватэрах, 12 чэрвеня 2023 года апублікавалі расейскія тэлеграм-каналы, у тым ліку і Уладзімір Салаўёў

«Дарагія ўкраінцы, сёння я звяртаюся да кожнага з вас. У гэты дзень я хачу прынесці вам свае выбачэнні. Выбачэнні за тое, што сотні тысяч маці больш ніколі не ўбачаць сваіх сыноў, сотні тысяч жонак ніколі не ўбачаць сваіх мужоў, а сотні тысяч дзяцей ніколі не ўбачаць сваіх бацькоў. Выбачэнні за тое, што эканоміка разваленая, а вам давядзецца пажыццёва выплочваць заходнім псеўдапартнёрам ленд-ліз.

Хачу перайсці на сваю родную рускую мову і папрасіць прабачэння перад жыхарамі Данбасу. Я не спыніў гэтую братазабойчую вайну, як абяцаў, я яе працягнуў, прынёсшы яшчэ больш болю і пакут у дамы тых, для каго "я — украінец" больш ніколі не прагучыць горда. Мабыць, цяпер, ваш дом — Расея, і я прымаю ваш выбар.

Цяпер я хачу звярнуцца да расейцаў. Вы — братэрскі народ, мы не павінны ваяваць і забіваць адзін аднаго. Спадзяюся, вы зможаце дараваць мне. Дзякуй, што даслухалі зварот, або, як кажам мы, "з Днём Расеі!”», — кажа Зяленскі ў апублікаваных роліках. 

Голас украінскага прэзідэнта на іх не падобны да голасу Уладзіміра Зяленскага. Агучка апынулася фальшывай. Новую гукавую сцежку наклалі на 5-хвілінны зварот Зяленскага ад 9 чэрвеня 2023 года. У ім ён распавядаў пра сітуацыю на перадавой, перамовах з прэм'ер-міністрамі Японіі і Нідэрландаў, новым пакеце абароннай падтрымкі ад ЗША і выратавальнай аперацыі на Херсоншчыне. 

«Расейскія тэрарысты павінны адказваць за ўсё, што яны нарабілі. І асобна — для нашых воінаў, для ўсіх, хто ў гэтыя дні ў асабліва цяжкіх баях. Бачым ваш гераізм, і мы ўдзячныя вам за кожную хвіліну вашага жыцця — жыцця, якое сапраўды з'яўляецца жыццём Украіны. Таму што настолькі Украіна вольная, наколькі вы, нашы воіны, моцныя. Настолькі Украіна абароненая, наколькі вы, нашы воіны, выніковыя. Кожны і кожная, хто змагаецца цяпер, — гэта Украіна, якая змагаецца. Дзякуй вам за гэта! Слава ўсім, хто ваюе і працуе дзеля нашай дзяржавы! Слава Украіне!» — кажа Зяленскі ў арыгінальным звароце.

Фэйк 7: Беларускія і расейскія медыі не дамовіліся, хто ж арганізаваў выбух каля манументу «Тры сястры»

Дата з'яўлення фэйка: 08.06.2023
Дарогу да мемарыялу «Тры сястры», які знаходзіцца на стыку межаў Беларусі, Украіны і Расеі, у канцы траўня ўзарвалі ўкраінцы. Пра гэта 8 чэрвеня 2023 года ў эфіры ток-шоу «Будні» на «СБ ТБ» распавёў беларускі паралімпіец і грамадскі дзеяч Аляксей Талай.

«Украіна абуджаецца. І абуджаецца тая частка Украіны, якая знаходзіцца пад акупацыяй вось гэтай хунты, якая на штыках NATO з падтрымкай Вашынгтонскага абкама прыйшлі, замацаваліся і легітымізаваліся на гэтай шматпакутнай зямлі і цяпер здзекуюцца з нашага братэрскага народа. Узрываюць дарогу да мемарыяла «Тры сястры"», — сказаў Талай.

У адным з нашых папярэдніх расследаванняў мы давялі, што ён датычны да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Расейскія медыі напісалі, што шлях да мемарыялу ўзарвала менавіта войска Расеі. 

«Каля знаку "Тры сястры" выбухам адрэзаны шлях дыверсантаў на Браншчыну», — расказала сеткавае выданне «МК в Брянске».

Партал NEWS.ru паведаміў: «З'явілася відэа выбуху каля манументу на межах Расеі, Украіны і Беларусі. <...> Дарога каля манументу была падарваная з мэтай прадухілення рызыкі ўварвання УСУ на расейскую тэрыторыю».

Расейскі тэлеграм-канал «Операция Z: Военкоры Русской Весны» апублікаваў 30 траўня відэа выбуху. У подпісы да яго гаворыцца: «На мяжы ў Чарнігаўскай вобласці знішчаны шлях ворага, які ён мог бы калісьці паспрабаваць выкарыстаць для спробаў нападаў».

На сайце «СБ. Беларусь сёння» таксама апублікавана гэтае відэа, але ў загалоўку напісана, што дарогу ўзарвала Украіна.

Фэйк 8: Уцекача з Іраку, які спаліў Каран каля мячэці ў Стакгольме, вылучылі на Нобелеўскую прэмію

Дата з'яўлення фэйка: 28.06.2023
Уцякач з Іраку Салван Моміка 28 чэрвеня 2023 года спаліў асобнік Карану ў скверы каля галоўнай мячэці Стакгольму ў першы дзень мусульманскага свята Ід аль-Адха, таксама вядомага як Курбан-байрам. Саудаўская Аравія, Ірак, Іран, Марока і іншыя краіны ісламскага свету асудзілі гэтую акцыю. Пра гэты інцыдэнт распавялі ў навінах на «Беларусь 1» і дадалі падрабязнасці. 

«Імігранта з Іраку, які знішчыў Каран каля мячэці Стакгольму, вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру. Ініцыятарам выступіў шведскі дэпутат Андрэ Овстэгард», — паведаміў вядоўца Уладзіслаў Бондар.

Фрэдзі Андрэ Аўстэгорд (Freddy André Øvstegård) — чалец нарвежскага парламенту, а не шведскага. На ягонай старонцы ў фэйсбуку, якую паказалі ў навінах, журналісты «Лукавых навін» не знайшлі заклікаў даць Салвану Моміку Нобелеўскую прэмію. Няма такой інфармацыі і ў афіцыйных і аўтарытэтных крыніцах.

Першы пост пра гэтую нібыта ініцыятыву Андрэ Аўстэгорда з'явіўся 29 чэрвеня 2023 года ў 11:33 паводле менскага часу ў сатырычным тэлеграм-канале «а вот мой яндекс кошелёк». Калі жарт стаў разыходзіцца, аўтар высмеяў некаторыя каналы і выданні, дзе яго выдалі за сапраўдную навіну.

Фэйк 9: Уладзімір Зяленскі запісаў відэа на фоне сваёй калекцыі шаўронаў, сярод якіх ёсць нацысцкі

Дата з'яўлення фэйка: 22.06.2023
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не саромеецца шаўрона дывізіі СС «Галічына», якая ў 1943-1945 гадах уваходзіла ў склад войскаў «Вафен-СС» нацысцкай Нямеччыны, напісаў 22 чэрвеня тэлеграм-канал «Осташко! Важное».

«На заднім фоне ў Зяленскага цэлы набор значкоў, сярод якіх і нацысцкія сімвалы. Што, у цэлым, нядзіўна», — паведаміў аўтар посту і паказаў відэа ў пацвярджэнне. 

У тэлеграм-канале ўкраінскага прэзідэнта ёсць пост з фотаздымкамі за 25 чэрвеня, прысвечаны шаўронам украінскіх байцоў, якія ў яго захоўваюцца. 

У калекцыі Уладзіміра Зяленскага няма шаўрона, які паказаў у сваім тэлеграм-канале расейскі журналіст Руслан Асташко. На эмблеме «Галічыны» адлюстраваны леў з трыма каронамі, а за спінай Уладзіміра Зяленскага — шаўрон з канём. Ён належыць першай асобнай танкавай Северскай брыгадзе. 

Журналісты «Лукавых навін» знайшлі відэа, на якім выступае камандзір брыгады, Герой Украіны Леанід Хода з гэтай нашыўкай на форме.

Таксама ў дакументальным фільме пра брыгаду ёсць выява каня з шаўрона на танку. 

Фэйк 10: У 2023 годзе ВУП краін ЕЗ па прагнозах упадзе на 11,5%

Дата з'яўлення фэйка: 26.06.2023
Эканамісты прагназуюць моцнае падзенне ВУП у краінах ЕЗ у 2023 годзе, паведамілі на тэлеканале «Беларусь 1». Пра гэта згадалі ў перадачы «Зразумелая палітыка» 26 чэрвеня 2023 года. 

«За 2022 год ВУП краін ЕЗ скараціўся ўсяго на 1%, на гэты год эканамісты малююць куды больш сумную карціну — спад на 11,5%», — агучыў лічбы вядоўца Сяргей Гусачэнка. 

Па дадзеных Еўрастату за сакавік 2023 года, за мінулы год ВУП павялічыўся на 3,5% як у зоне еўра, так і ў ЕЗ.

Еўракамісія вясной 2023 года спрагназавала рост ВУП Еўразвязу ў межах 1%. Узімку прагноз быў з меншымі лічбамі — рост да 0,8%. 

Фэйк 11: Украінскія войскі выкарыстоўваюць савецкія снарады ў баі без папярэдняй праверкі

Дата з'яўлення фэйка: 20.06.2023
УСУ выкарыстоўваюць савецкія снарады ў дрэнным стане, пускаюць у бой без дбайнай праверкі, напісаў 20 чэрвеня 2023 года тэлеграм-канал BelVestnik. 

«Наглядны стан БК ва УСУ. Калі раней, “савецкія" снарады ішлі на пераснараджэнне, то зараз гэтыя снарады аглядаюцца візуальна і ў бой. Мабыць, мы хутка ўбачым яшчэ больш разарваных ствалоў і міжвольную самаліквідацыю артылерыі УСУ», — распавялі аўтары посту і паказалі фота снарадаў.

Гэтыя здымкі BelVestnik узяў з посту ўкраінскай Дзяржаўнай спецыяльнай службы транспарту ў фэйсбуку. Там ведамства паведамляе, што гэтыя снарады пакінулі расейскія вайскоўцы падчас адступлення. Іх знайшлі ў адным з населеных пунктаў Харкаўскай вобласці. Толькі пасля сартавання прыдатныя для выкарыстання снарады сапёры перадалі УСУ для далейшага выкарыстання. 

«Варожая зброя вернецца бумерангам. У Харкаўскай вобласці, інжынерна-сапёрная група Дзяржаўнай спецыяльнай службы транспарту, на днях выявіла цэлы арсенал варожай зброі ў адным з населеных пунктаў.

Сапёры Дзяржспецтрансслужбы, паводле звароту мясцовых жыхароў, падчас абследавання адной з навучальных устаноў, знайшлі склад боепрыпасаў, які пакінулі расейскія акупанты падчас адступлення. <...>

Пасля праведзенага сартавання выбухованебяспечныя прадметы, прыдатныя для выкарыстання, сапёры перадалі вайскоўцам Узброеных Сіл Украіны. Пашкоджаныя боепрыпасы былі абясшкоджаныя ў пэўным і бяспечным для людзей месцы», — гаворыцца ў допісе.