Беларускіх і расейскіх спартоўцаў праз санкцыі МАК да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях дапусцілі толькі пад нейтральным сцягам і ў індывідуальных відах спорту. У расейскім горадзе Казань правялі, як напісалі дзяржаўныя беларускія медыі, альтэрнатыўныя Алімпіядзе спаборніцтвы — гульні краін БРЫКС.
Расея прадставіла гульні як грандыёзную 12-дзённую міжнародную спартовую падзею. На афіцыйным сайце спаборніцтваў 16 чэрвеня 2024 года было пазначана, што на іх з'ехаліся каля 4700 спартсменаў з 90 краін (дадзеныя па стане на апошні дзень гульняў, 23 чэрвеня; у ходзе спаборніцтваў і пасля іх інфармацыя аб колькасці ўдзельнікаў і краін на сайце змянялася). Такія ж лічбы агучылі і беларускія дзяржтэлеканалы.
«Гульні краін БРЫКС афіцыйна адкрыты ў Казані. Каля 5000 атлетаў з амаль 90 краін будуць змагацца за 387 камплектаў узнагарод», — распавяла вядоўца навін на «Беларусь 1» 12 чэрвеня 2024 года.
16 чэрвеня 2024 года пра «чысты спорт» без палітыкі распавялі і на АНТ:
«У сталіцы Татарстану ў разгары гульні краін БРЫКС — вялікія статусныя спаборніцтвы, якія можна параўнаць з Алімпіядай. Прынамсі склад удзельнікаў вельмі моцны і прадстаўнічы».
Каманда Weekly Top Fake вывучыла афіцыйны сайт БРЫКС. У раздзеле «каманды-ўдзельніцы» сапраўды былі пералічаныя 90 краін. У профілі кожнай паказана колькасць удзельнікаў, якія віды спорту яны прадстаўлялі і колькі заваявалі медалёў.
Мы выявілі, што ў спісе ёсць краіны, ад якіх прыехала нуль удзельнікаў. Напрыклад, з Алжыру. Але гэта не перашкодзіла яму стаць 36-й краінай у медальным заліку гульняў.
Таксама мы вывучылі профіль кожнай краіны і высветлілі, што ў гульнях узялі ўдзел 68 краін, а не 90. У іх ліку не прызнаныя нават Беларуссю дзяржавы — Паўднёвая Асеція або Абхазія, Рэспубліка Сербская (аўтаномія ў складзе Босніі і Герцагавіны).
У профілі многіх краін на сайце пазначаны ўсяго пара-тройка спартоўцаў-удзельнікаў.
Мы палічылі іх — атрымалася ў суме 2948, а не 4751, як было напісана на сайце. Амаль палова з іх — з Беларусі, Расеі і Узбекістану. Гэтыя краіны на спаборніцтвы адправілі самыя шматлікія зборныя. Амаль 85% удзельнікаў гэтых гульняў прыехалі з 15 краін. Астатнія 53 краіны даслалі ў суме да 500 чалавек.
Для параўнання, у Алімпійскіх гульнях, якія ў канцы ліпеня пачнуцца ў Парыжы, плануюць сабраць больш за 10 тысяч спартсменаў з больш чым 200 краін свету.