Антыфэйк / фактчэк

23 верасня

Журналіст Гроераў пра Лукашэнку і аварыю на ЧАЭС: узгадаў пра выступы, забыўся пра адмену падтрымкі пацярпелых

Ільготы адмянілі часова, але і праз амаль 30 гадоў яны не запрацавалі.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 12.09.2024
Аляксандр Лукашэнка вынес тэму маштабу наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі для беларусаў на міжнародны ўзровень. Пра такую ягоную заслугу распавёў журналіст БелТА Юрый Гроераў. Каманда Weekly Top Fake высветліла, як яшчэ Лукашэнка клапаціўся пра пацярпелых і ліквідатараў.

Пра тое, як на сусветных пляцоўках даведаліся пра пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі беларусаў, журналіст БелТА Юрый Гроераў распавёў у праекце тэлеграфнага агенцтва «Як гэта было» 12 верасня 2024 года.

«У краіне была і ёсць яшчэ адна частка насельніцтва, якой патрабавалася сацыяльная падтрымка. Гэта людзі, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Калі да сярэдзіны 90-х на сусветных пляцоўках гучала ў асноўным тэма аб пацярпелай ад аварыі Украіны, то са стварэннем суверэннай краіны Лукашэнка ўсё часцей уздымаў гэтае пытанне і ў разрэзе Беларусі», — падзяліўся з гледачамі журналіст.

Ён не згадаў, як гэта паўплывала на сацыяльную падтрымку чарнобыльцаў. Як і не распавёў пра некаторыя рашэнні Аляксандра Лукашэнкі адносна пацярпелых і ліквідатараў. 

У 1995 годзе Лукашэнка выдаў указ, якім прыпыніў дзеянне часткі ільгот для чарнобыльцаў. Напрыклад, яны страцілі права на беспрацэнтны крэдыт на набыццё жытла і на крэдыт на куплю садовай хаткі, пазбавіліся бясплатнага праезду ў транспарце, зніжкі на аплату камунальных паслуг. Ільготы адмянілі часова, але і праз амаль 30 гадоў яны не запрацавалі.

У 1991 годзе старшыня Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусь Мікалай Дземянцей падпісаў закон «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», які прадугледжваў ільготы для чарнобыльцаў. Да 2007 года з 26 ільгот, якія прадугледжваліся для тых, хто перанёс прамянёвую хваробу і атрымаў інваліднасць з прычыны аварыі, выкраслілі 12 пунктаў. У ліквідатараў аварыі першапачаткова было 15 ільгот. Засталося шэсць. А ў 2009 годзе ліквідавалі і сам закон. І прынялі новы. 

У ім таксама прадугледжаныя ільготы для пацярпелых ад аварыі і тых, хто ліквідаваў наступствы, але іх менш, чым у папярэднім законе. Да прыкладу, хворыя і тыя, хто перанес прамянёвую хваробу, інваліды з прычыны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС маюць перавагу пры вызначэнні ў дамы састарэлых, псіханеўралагічныя інтэрнаты і падобныя ўстановы са стацыянарам. Таксама яны маюць права на аплату бальнічнага ў памеры 100% ад сярэдняга заробку ў выпадку часовай непрацаздольнасці. 

Захварэўшыя і тыя, хто перанес прамянёвую хваробу, інваліды I і II групы з прычыны катастрофы, дзеці-інваліды могуць прэтэндаваць на бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, бясплатны праезд на чыгуначным транспарце рэгіянальных ліній эканомкласу. Некаторым катэгорыям можна купляць лекі па рэцэпце лекара са зніжкай 90%.