Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Супрацоўніца «СБ. Беларусь сёння» убачыла ў дакладзе Ейлаўскага ўніверсітэту дадзеныя, якіх у ім няма

Людміла Гладкая распавяла пра 35 тысяч дзяцей, вывезеных з Украіны ў Расею на ідэалагічнае перавыхаванне.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 30.09.2025
Супрацоўніца «СБ. Беларусь сёння» Людміла Гладкая звінаваціла даследнікаў з Ейлаўскага ўніверсітэту ў стварэнні фэйкаў. Яна заявіла, што апублікаваныя імі дадзеныя пра 35 тысяч украінскіх дзяцей, вывезеных у Расею для ідэалагічнага перавыхавання, няслушныя. Высветлілі, што такога ліку ў дакладзе даследчыкаў з Ейлу няма. 

Навуковыя супрацоўнікі Ейлаўскага ўніверсітэту напісалі даклад пра 210 месцаў (вну, лагераў, баз адпачынку і падобных) у Расеі і на акупаваных ёю тэрыторыях Украіны, куды прывозяць украінскіх дзяцей для ідэалагічнага перавыхавання. Аўтары працы тры гады збіралі інфармацыю з адкрытых крыніц — медыяў і сацыяльных сетак. Расказваючы пра гэты даклад 30 верасня 2025 года ў эфіры СБТБ, супрацоўніца холдынгу «СБ. Беларусь сёння» Людміла Гладкая назвала яго «новым, у двукоссях, расследаваннем, ізноў жа, пра выкраданне ўкраінскіх дзяцей»:

«Вы бачыце лічбу 339? Не, гэта 35000. Так кажуць у ейлскай лабараторыі, абнародаваўшы свой чарговы даклад. У ім — пра цэлую сетку перавыхавання і мілітарызацыі дзяцей». 

Гэты ж лік у дакладзе Ейлу заўважыла і прэсавая сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава.

«Тое, што я бачыла, у гэтым дакладзе згадваецца 35 тыс. украінскіх дзяцей, якіх Расея нібыта выкрала. <...> Гэта фэйкавыя выдумкі», — заявіла яна.

339 дзяцей, якіх згадала Гладкая, — гэта колькасць са спісу, які ўкраінскі бок перадаў летам 2025 года Расеі ў час перамоў у Стамбуле. Прадстаўнікі РФ тады заявілі, што шмат якія дзеці з яго ўжо або сталі паўналетнімі, або ніколі не былі ў Расеі. 

Пра 35 тысяч дзяцей у дакладзе даследчыкаў з Ейлу няма ні слова. У ім зусім не згадваецца колькасць. Ёсць толькі фраза, што выяўленая сетка ўстаноў здольная змясціць дзясяткі тысяч дзяцей з Украіны. Таксама аўтары дакладу напісалі, што не ведаюць, колькі іх у гэтых месцах знаходзіцца цяпер. 

Кіраўнік ейлскага праекту Натаніэль Рэйманд згадаў у інтэрв'ю Deutsche Welle, што ў сваёй працы каманда арыентавалася на колькасць зніклых без весткі дзяцей — 35 тысяч. Аднак гэта неафіцыйная ацэнка для ўнутранага выкарыстання. 

Няслушныя дадзеныя пра колькасць дзяцей — не адзіная прэтэнзія Людмілы Гладкай да даследчыкаў Ейлу. Яна звінаваціла аўтараў даклада ў тым, што яны не назвалі ўстановы, дзе ідэалагічна апрацоўваюць украінскіх дзяцей, толькі іх колькасць: 

«У дакладзе гаворка ідзе пра як мінімум 210 устаноў у Расеі, дзе ўкраінскія дзеці нібыта трапляюць пад прымусовае перавыхаванне, праходзяць вайсковую падрыхтоўку, іх там ледзь не катуюць. Што гэта за 210 устаноў? Можа, трэба іх назваць? Можа, дакладчыкі хацелі б туды спачатку з'ездзіць?»

Аўтары дакладу паказалі назвы і лакацыі ўсіх 210 месцаў. Каманда WTF наўгад выбрала адно — пад нумарам 209 — Яраслаўскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ім. К.Д. Ушынскага, і праверыла, ці сапраўды ў адкрытым доступе ёсць інфармацыя пра размяшчэнне там дзяцей з акупаваных тэрыторый і іх перавыхаванне. Медыі паведамлялі, што ў Яраслаўль прыязджаюць школьнікі з «ДНР» і «ЛНР» у рамках федэральнага праекту «Універсітэцкія змены». На сайце Мінасветы Расеі не хаваюць, што гэты праект скіраваны на фармаванне расейскай ідэнтычнасці. 

Пра тое, як пад такое ж ідэалагічнае апрацоўванне трапляюць беларускія дзеці, БРЦ расказаў у расследаванні «”Маладая гвардыя”. Як падлеткаў у Беларусі рыхтуюць да вайсковай будучыні пад маркай патрыятычнага выхавання».