Амерыканскае фінансавае выданне Bloomberg 10 лютага апублікавала артыкул пра тое, што Нямеччына можа страціць статус прамысловай звышдзяржавы. Праз тры дні пасля выхаду матэрыялу дэкан факультэту журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў у эфіры «Альфа радыё» заявіў, што без працы немцаў пакінулі кітайцы.
«Пандэмія COVID-19 прывяла да закрыцця многіх рынкаў і да зніжэння попыту на прадукцыю. Прычым знізіўся попыт на нямецкія тавары, напрыклад, у Кітаі. Нямеччына пастаўляла туды дарагія якасныя тавары, а Кітай у адказ пастаўляе ў Еўропу, у тую ж Нямеччыну больш таннага цэнавага сегменту тавары. І атрымалася так, што, напрыклад, Кітай закрыў для сябе спажыванне нямецкіх дарагіх тавараў. Чым пакінуў нямецкую прамысловасць без працы. Пры гэтым кітайскія танныя тавары працягваюць у Нямеччыну і Еўропу паступаць», — распавёў ён.
Кітай сапраўды стаў менш купляць нямецкіх тавараў, але не так значна, як сцвярджае Бяляеў. У вартасным выражэнні ў 2023 годзе экспарт з Нямеччыны ў КНР скараціўся на 8,8%. Пры гэтым імпарт кітайскіх тавараў у ФРГ за мінулы год па тым жа паказніку знізіўся на 19,2%.