Антыфэйк / фактчэк

Учора

Эксперт Цішчанка расказаў пра беднату жыхароў ЕЗ. Даведаліся, што азначае патрэба па-еўрапейску

Разабраліся, што такое сацыяльны мінімум у Польшчы, Нямеччыне і краінах Балтыі, і параўналі з Беларуссю.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 02.05.2025
У ЕЗ вельмі высокі ўзровень беднаты насельніцтва, заявіў эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка ў эфіры «СБ ТБ». Каманда Weekly Top Fake разабралася ў тэрміналогіі. 

16 чальцоў Еўразвязу, у тым ліку Нямеччына, Чэхія, Польшча, краіны Балтыі, хочуць абысці абмежаванні бюджэтных правілаў ЕЗ і на працягу чатырох гадоў вылучаць дадаткова да 1,5% ВУП на вайсковыя патрэбы. Гэта дазволіць падвоіць выдаткі на абарону Еўразвязу да 2030 года і давесці іх да €650 млрд. Эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка ў эфіры праграмы «PRO Армію» на «СБ ТБ» 2 траўня 2025 года заявіў, што магчымасцяў для павелічэння вайсковых выдаткаў у ЕЗ няма, бо там завысокі ўзровень беднаты насельніцтва.

«Кожны пяты прыбалт жыве за рысай беднаты. Палова прыбалтаў жыве на ўзроўні сацыяльнага мінімуму: то бок ні адкласці, у кіно ні схадзіць, у кафэ нават ні схадзіць, у рэстаран. Так? То бок яны жывуць ад заробку да заробку, то бок па мінімуме. Вось гэты сацыяльны мінімум. Яны не бядуюць, але і не маюць перспектыў. Самае страшнае, што палова насельніцтва на ўзроўні сацыяльнага мінімуму знаходзіцца ў Польшчы. За рысай беднаты там, вядома, менш, — там кожны 15-ы паляк. Але сацыяльны мінімум — 17 мільёнаў. Нямеччына… Парадокс, але там таксама сацыяльны мінімум чэрпае амаль палова немцаў», — падзяліўся дадзенымі эксперт. 

Калі верыць яго словам, кожны другі паляк, немец і жыхар краін Балтыі жыве на ўзроўні сацыяльнага мінімуму, а за рысай беднаты знаходзяцца да 20% насельніцтва Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Паказнікаў, якімі мераюць беднату, шмат. Цішчанка, хутчэй за ўсё, меў на ўвазе парог рызыкі беднаты. Ніжэй за гэту адзнаку, паводле дадзеных Еўрастату за 2023 год, у краінах Балтыі знаходзіўся прыкладна кожны пяты. У Нямеччыне і Польшчы — каля 15% насельніцтва. Лічбы — падобныя на тыя, што агучыў Цішчанка. Але гэты паказнік вызначае не рэальную патрэбу і галечу, а што ўзровень прыбытку чалавека менш за 60% ад медыяннага па краіне (пасля адлічэння ўсіх сацвыплат). Гэта можа азначаць, што ў яго менш грошай, чым у большасці, але пры гэтым ён не абавязкова бядуе. 

Белстат для вызначэння дабрабыту грамадзянаў краіны карыстаецца індыкатарам узроўню адноснай беднаты. Ён разлічваецца прыкладна па такім жа прынцыпе, як і парог рызыкі беднаты. У 11% беларусаў дабрабыт ніжэй за гэты ўзровень. То бок сітуацыя ўдвая лепш, чым у краінах Балтыі, але амаль такая ж, як у Польшчы.

На ўзроўні сацыяльнага мінімуму, паводле слоў Цішчанкі, жыве кожны другі паляк і немец. Гэты паказнік сапраўды закранае каля 17 млн палякаў — амаль палову насельніцтва краіны. Аднак у Польшчы сацыяльны мінімум ці «сфера нястачы» не з'яўляецца мяжой беднаты. У 2024 годзе яна праходзіла на ўзроўні €430 у месяц на чалавека. І гэтай сумы, як сцвярджаюць мясцовыя эканамісты, хопіць, каб задавальняць усе асноўныя патрэбы: у ежы, адзенні, адукацыі і вольным часе.

 У Нямеччыне дабрабыт людзей падлічваюць па-іншаму. Там па ўзроўнях прыбыткаў хатнія гаспадаркі падзяляюцца на бедныя, з няўстойлівым прыбыткам, далей ідуць тры ўзроўні сярэдняга класу і багацеі. Тыя, хто не дацягвае да панятку «сярэдняга класу», маюць прыбытак да 80% ад медыяннага па краіне на чалавека. Да гэтай катэгорыі адносіцца менш за траціну насельніцтва, а не палова, як сказаў Аляксандр Цішчанка. 

У Беларусі падлікі па такой схеме не праводзяцца. Аднак каманда WTF ужыла нямецкі падыход і палічыла, колькі беларусаў жылі на суму менш за 80 % ад медыяны сярэднедушавых наяўных рэсурсаў у канцы мінулага года. Медыяна праходзіла на ўзроўні 1000 рублёў на чалавека. Значыць, нас цікавіць прыбытак у 800 рублёў на месяц. Паводле дадзеных Белстату, столькі ці менш у 2024 годзе зараблялі амаль 29% беларусаў — прыкладна як у Нямеччыне.