Прыцягненне да будаўніцтва касмадрома ў Расіі беларусаў - небывалы выпадак у гісторыі
Беларусы будуць будаваць касмадром Усходні ў Расіі. Аляксандр Лукашэнка назваў гэту падзею небывалым узроўнем даверу паміж краінамі і ўвогуле ўнікальным выпадкам у гісторыі.
«Тое, што вы прапануеце нам уключыцца з будоўлю, у гэтую гіганцкую будоўлю, – самы высокі ўзровень даверу... Прыняты закон у Расіі. Гэта ўвогуле выпадак рэдкі, увогуле такога не было, беларусы дапушчаныя да ўсіх закрытых аб'ектаў».
Дадаў пафасу падзеі і праўладны палітолаг Аляксей Дзермант у эфіры «Альфа радыё».
«Гэта акт найглыбейшага даверу з боку Расейскай Федэрацыі саюзніку Рэспубліцы Беларусь. Таму тое, што там беларусы прыехалі і яшчэ будуць працаваць, будаваць, дапамагаць - гэта вельмі важна. Бо не кожнай дзяржаве Расея давярае такія рэчы».
Насамрэч выпадак далёка не ўнікальны. І беларусы не першыя замежнікі, якія дапушчаныя да будоўлі «Усходняга». Лукашэнка і Дзермант забылі сказаць, што там ужо працуюць грамадзяне Узбекістана.
Яшчэ летам мінулага года паведамлялася, што туды адправілі працаваць 141 узбека. А мінулай восенню міністр будаўніцтва і ЖКГ Расіі расказаў, што іх там будзе больш за тысячу.
31 студзеня 2022 года кіраўніцтва Узбекістана падпісала з Расіяй нават афіцыйнае пагадненне.
А яшчэ раней да будоўлі «Усходняга» прыцягвалі нават студэнтаў. І галоўная прычына, чаму там зараз будуць працаваць беларусы - гэта банальны дэфіцыт кадраў.
Яшчэ ў чэрвені 2021 года расійскае інфармагенцтва ТАСС паведаміла, што краіне не хапае каля 2 млн будаўнікоў. Урад Расіі ва ўмовах дэфіцыту будаўнікоў гатовы прыцягнуць да работы над ключавымі аб'ектамі ў краіне каля 20-30 тыс. беларускіх спецыялістаў. І працытавалі расійскага віцэ-прэм'ера Марата Хуснулліна.
«Яны дастаткова паспяхова праектуюць і будуюць. Таму, калі мы прынцыпова дамовімся па кошце і па ўмовах, то, канечне, будзем прыцягваць».
Выходзіць, справа тут не ў глыбокім даверы і небывалым узаемным каханні, а ў тым, што проста беларускія працоўныя, як і ўзбекскія, уладкоўваюць Расею па якасці і кошту працы.