Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Вядоўца News.by апусціла Беларусь, расказваючы пра топ самых небяспечных краін Еўропы

Наша краіна — у пяцёрцы лідараў.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 25.11.2025
Францыя, Бельгія, Вялікая Брытанія, Швецыя і Ірландыя ўваходзяць у топ-5 еўрапейскіх краін па ўзроўні злачыннасці, расказала вядоўца News.by Кацярына Ціхамірава. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што ў пяцёрцы адбылася падмена.

Кантэкст: Праз паўтара месяца пасля рабавання Луўра журналісты паведамілі, што аўдыт бяспекі музею, праведзены 7 гадоў назад, паказаў на ўсе ўразлівыя месцы, якімі ў выніку і скарысталіся рабаўнікі, — акно, балкон, размяшчэнне відэакамер. Пасля гэтага з'явіліся сумневы, ці не перадаў нехта рабаўнікам гэты дакумент. Парыжскі Луўр абрабавалі 19 кастрычніка 2025 года. Паліцыя арыштавала чацвярых рабаўнікоў (пазней іх вызвалілі), арганізатара пакуль не ўсталявалі. Адзін са злачынцаў распавёў, што двое мужчынаў са славянскім акцэнтам прапанавалі яму за рабаванне €15 тыс. Каштоўнасці на €88 млн пакуль гэтак і не знайшлі.

Пра разгул злачыннасці ў Еўропе вядоўца перадачы «Кацюшын разлік» на «Першым інфармацыйным канале» Кацярына Ціхамірава распавяла 25 лістапада 2025 года.

«Гэта сучасная Еўропа без глянцавых фільтраў, дзе злачыннасць б'е рэкорды. Нядаўна быў складзены індэкс злачыннасці, і самыя небяспечныя краіны Еўропы сёння размясціліся так: на першым месцы Францыя — яна лічыцца сёння самай небяспечнай краінай для жыцця, далей Бельгія, Брытанія, Швецыя і Ірландыя. У Францыі сёння, пішуць СМІ, штодня па 100 згвалтаванняў, а ў Еўразвязе ў 2023-м кожны дзень забівалі па 10 чалавек», — падзялілася статыстыкай вядоўца. 

Індэкс злачыннасці, на які спаслалася Ціхамірава, рэальны. Яго вывеў у 2025 годзе партал Numbeo. Аднак першая пяцёрка еўрапейскіх краін не супадае з той, што назвала вядоўца. Паміж Францыяй і Бельгіяй — на другім месцы — Беларусь.

Складаюць рэйтынг па выніках апытанняў наведнікаў сайта на падставе іх суб'ектыўнага ўспрымання небяспекі ці бяспекі ў краіне. Да 2021 года Беларусь была ў чацвёртым дзясятку, а потым выбілася ў лідары. 

Ёсць яшчэ адзін падобны рэйтынг — глабальны індэкс арганізаванай злачыннасці. Ён заснаваны ў тым ліку на экспертных ацэнках больш чым 350 адмыслоўцаў. Першая сярод 44 краін Еўропы ў ім — Расея. За ёй ідуць Украіна і Італія. Беларусь — на 9 месцы. 

Што да статыстыкі па забойствах — Ціхамірава сказала праўду. У 450-мільёнам Еўразвязе за 2023 год забілі амаль 4 тыс. чалавек — гэта прыкладна 10 чалавек у дзень. Але калі гэту лічбу параўнаць з насельніцтвам ЕЗ, то каэфіцыент на 100 тыс. насельніцтва апынецца меншым за адзінку. 

У Беларусі ў адкрытым доступе няма статыстыкі па наўмысных забойствах, але ёсць дадзеныя па забойствах у цэлым і замахах на іх. На 100 тыс. насельніцтва паказнік у 2,5 разу вышэй за еўрапейскі. Хоць гэтыя значэнні нельга наўпрост параўноўваць, агулам ясна, што сітуацыя з забойствамі ў Беларусі не лепш, чым у Еўразвязе. 

Дадзеныя па згвалтаваннях, якія згадала Ціхамірава, таксама правільныя: паліцыя фіксуе ў сярэднім 120 паведамленняў пра выпадкі згвалтавання ці спроб згвалтавання ў дзень. Прытым журналісты французскай газеты Le Monde адзначалі, што на гэта заўважна паўплывала кампанія #MeToo, якая заклікае жанчын не маўчаць пра перажыты сексуальны гвалт.