Антыфэйк / фактчэк

12 сакавіка

АНТ паведаміў, што польскія фермеры разбілі аўто для ЗСУ. Ці гэта так

У якасці крыніцы супрацоўнікі дзяржаўнага тэлеканалу паказалі вядоўцу расейскага ТБ Вольгу Скабееву.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 04.03.2024
Польскія фермеры разбіваюць машыны, прызначаныя для ўкраінскіх вайскоўцаў, — такую навіну апублікавалі на сайце АНТ. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што насамрэч здарылася з аўто.

На сайце тэлеканалу АНТ 4 сакавіка апублікавалі навіну пад загалоўкам «Польскія фермеры на мяжы з Украінай пабілі машыны, прызначаныя для ЗСУ». 

«На мяжы паміж Польшчай і Украінай было разбіта або пакарабачана некалькі аўтамашын (джыпы, пікапы), якія прызначаліся для перадачы ЗСУ. Прычым здзейснілі гэта польскія фермеры», — гаворыцца ў паведамленні.

У якасці крыніцы супрацоўнікі дзяржаўнага тэлеканалу паказалі вядоўцу расейскага ТБ Вольгу Скабееву. У сваім тэлеграм-канале яна апублікавала відэа з подпісам «Здаецца палякі пачалі разумець, што такое дэмілітарызацыя Украіны». 

Першым відэа выклаў у сетку ўкраінскі грамадскі актывіст Канстанцін Андрыюк. Ён сапраўды сцвярджаў, што машыны пашкодзілі польскія фермеры. Але амбасада Украіны ў Польшчы зняпраўдзіла гэтую інфармацыю.

«Устаноўлена, што названыя аўтамабілі былі пашкоджаныя яшчэ да прыбыцця на тэрыторыю Рэспублікі Польшча ў краіне, адкуль іх дастаўлялі. У цяперашні час аўтамабілі ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. Польскія аграрыі не маюць ніякага дачынення да сітуацыі, якая была асветленая СМІ», — запэўнілі ў дыпламатычным ведамстве. 

Пра тое, што машыны пашкодзілі не польскія фермеры, а брытанскія вандалы, паведамілі таксама ўкраінскія валанцёры з Вялікай Брытаніі. У пацверджанне яны выклалі відэа пабітых машын, зробленае, з іх слоў, на паркоўцы ў Брытаніі 20 лютага.