У гонар Дня маці 14 кастрычніка 2025 года ў эфіры News.by паказалі відэасюжэт, у якім падвялі да думкі, што «глабальная дэмаграфічная праблема рукатворная і мэтанакіравана ствараецца ўрадамі» «самых дабрабытных краін планеты».
«У Еўропе, дзе ганарацца сваёй сацыялкай, усё далёка не бясхмарна. Медыцына тут таксама страхавая, так што, калі пашанцуе, дапамогу пры родах сплачваць не давядзецца. А вось з адпачынкам справы ідуць значна горш», – расказаў аўтар сюжэту Алег Раманаў. Далей у кадры паказалі дзяўчыну, якую ніяк не прадставілі. Яна паведаміла, што «дэкрэтны адпачынак у Францыі доўжыцца 16 тыдняў, гэта 6 тыдняў да родаў і 10 тыдняў пасля родаў, далей адзін з бацькоў, прытым гэта не важна, мама ці тата, можа знаходзіцца ў адпачынку па даглядзе малагадовага дзіцяці да двух з паловай гадоў, але без захавання заработнай платы».
Пасля гэтага Раманаў працягнуў: «У большасці краін Еўропы мацярам выплочваецца аднаразовая дапамога – ад €250 у Нямеччыне да €320 у Эстоніі. З улікам узроўню цэн у Еўразоне гэта, па праўдзе кажучы, даволі няшмат. У некаторых краінах потым выплачваецца яшчэ і штомесячная дапамога, але нідзе яна не зʼяўляецца дастатковай для паўнавартаснага ўтрымання дзіцяці».
Аўтар сюжэту нічога не сказаў пра тое, што ў Францыі замест зарплаты сямʼі выплачваюць базавую дапамогу цягам трох гадоў з народзінаў дзіцяці. Сума залежыць ад памеру прыбытку сямʼі: чым больш прыбытак, тым менш дапамога. Максімум – €197 у месяц. Тамсама існуе дапамога на адукацыю для бацькоў, якія паставілі карʼеру на паўзу. Для яе атрымання да народзінаў дзіця трэба адпрацаваць мінімум 2 гады. Памер дапамогі – да €456 штомесячна цягам паўгода.
У Нямеччыне дапамогу ў €255 (Kindergeld) выплачваюць не аднаразова, а штомесячна да 18 гадоў. Калі маці пасля народзінаў малога скараціла сваю занятасць на працы ці зусім не працуе, то да года ёй будуць выплачваць ад 65% да 100% яе заробку.
Таксама аўтар не сказаў, што на першых двух дзяцей эстонскай сямʼі плацяць па €80 кожны месяц да дасягнення імі 19-годдзя. Трэці і наступныя дзеці, могуць разлічваць на €100 у месяц. А па даглядзе за маленькім дзіцём мамы цягам 475 дзён атрымліваюць бацькоўскую кампенсацыю, якая залежыць ад памеру зарплаты, мінімум €820 у месяц.
Дапамога ў краінах Еўропы сапраўды можа здацца невялікай, улічваючы мясцовыя цэны. Але для бацькоў прадугледжаныя яшчэ і выплаты за кошт страхавых унёскаў, якія залежаць ад памеру іх зарплаты. Для параўнання: у Беларусі заробак на перыяд дэкрэтнага адпачынку не захоўваецца, маці атрымліваюць штомесячную дапамогу ад дзяржавы цягам 3 гадоў незалежна ад узроўню зарплаты. Цяпер яе памер каля €270 на першае дзіцё, €308 – на другога і наступных, €346 – на дзіцё з інваліднасцю.