Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Данія хоча забраць знішчальнікі ў Украіны? Тэлекампанія TV2 Nord стала ахвярай фальсіфікацыі

Тэлеграм-каналы «Шкварка News» і «ЖС Premium» выдалі падробленае відэа за фрагмент сюжэта дацкага тэлебачання.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 15.01.2026
Данія плануе забраць у Украіны знішчальнікі, якія перадала ёй у 2024 годзе, паведамілі тэлеграм-каналы «Шкварка News» і «ЖС Premium». Яны спаслаліся на відэасюжэт дацкай тэлекампаніі TV2 Nord. Каманда Weekly Top Fake звярнулася да яе рэдактара за каментаром.

Кантэкст: Дональд Трамп за кантроль над Грэнландыяй прапануе Даніі $700 млрд, паведамілі амерыканскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы. Далучэнне выспы да ЗША перыядычна абмяркоўваецца там, пачынаючы з XIX стагоддзя, з часоў куплі Аляскі. Аднак у гэты раз амерыканскі прэзідэнт пагражаў з лютага 2026 года ўвесці імпартныя пошліны для васьмі еўрапейскіх краін, якія супрацівяцца яго планам і адправілі сваіх салдатаў на вайсковыя вучэнні ў Грэнландыю.

Каб абараніць Грэнландыю ў выпадку нападу ЗША, Данія хоча вярнуць знішчальнікі F16, перададзеныя Украіне ў 2024 годзе, — навінавы сюжэт з такім зместам апублікавалі ў тэлеграм-каналах «Шкварка News» і «ЖС Premium» у сярэдзіне студзеня 2026 года. На відэа накладзены лагатып дацкага тэлеканала TV2 Nord, а тэкст на дацкай мове чытае тэлевядоўца Піа Белтофт.  У субтытрах з перакладам на рускую мову напісана:

«Данія плануе адклікаць знішчальнікі F16, якія перадала Украіне ў лістападзе 2024 года. Пра гэта кажуць нашы крыніцы ў міністэрстве абароны. Самалёты будуць перадыслакаваны ў Грэнландыю». 

Каманда WTF высветліла, што выпуск, дзе вядоўца Піа Белтофт была так апранута, выйшаў у эфір у снежні 2025-га. 

Мы адправілі запыт на адрас тэлеканала, каб вызначыць, ці распаўсюджваў ён падобную інфармацыю. Рэдактар адказаў: 

«Ад імя тэлеканала TV2 Nord пацвярджаю, што відэа цалкам фэйкавае. Тэлеканал TV2 Nord не мае да гэтага дачынення, і нехта парушыў нашы аўтарскія правы, няпраўна выкарыстоўваючы наш матэрыял і наш навінавы партал».

Капенгаген абяцаў перадаць 19 знішчальнікаў, вялікую частку з якіх Кіеў ужо атрымаў. Апроч таго, Данія ў студзені 2026-га заявіла, што адмаўляецца ад выкарыстання F-16, а астатнія перадасць Украіне і Аргенціне. Іх заменяць знішчальнікі F-35.