Антыфэйк / фактчэк

Учора

«Еўразвяз — турма народаў!» «ЖС premium», распавядаючы пра мільён зняволеных, заблытаўся ў тэрыторыях

Ці ёсць розніца паміж ЕЗ і Радай Еўропы?

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 29.07.2025
Аўтары тэлеграм-каналу «ЖС premium» паведамілі, што ў Еўразвязе перапоўненыя турмы, і паказалі суадносіны колькасці зняволеных да насельніцтва. Журналісты праекту Weekly Top Fake высветлілі, што апублікаваныя лічбы праўдзівыя, але не датычаць ЕЗ. 

Нагодай для паведамлення пра перапоўненыя турмы ў ЕЗ стала Штогадовая крымінальная статыстыка Рады Еўропы. Расказваючы пра яе ў посце за 29 ліпеня 2025 года, аўтары тэлеграм-каналу «ЖС premium» заявілі, што ў заходніх дэмакратыях («дэмакратыі» у арыгінальным паведамленні ўзялі ў двукоссе) з турмамі «усё вельмі сумна і ў хуткім часе ніякіх выразных рашэнняў праблемы не прадбачыцца»: 

«Еўразвяз — турма народаў! На канец студзеня 2024 года ў Еўропе налічвалася больш за мільён зняволеных! Сярэдні паказнік — 105 зняволеных на 100 тыс. жыхароў».

Лічбы, якія згадваюцца ў посце, праўдзівыя, аднак гэта статыстыка па 46 дзяржавах-чальцах Рады Еўропы, а не па 27 краінах ЕЗ.

У сярэднім у Еўропе на 100 тыс. насельніцтва сапраўды прыпадае 105 зняволеных. Больш за ўсё ў Турцыі і Азербайджане, якія нельга назваць заходнімі дэмакратыямі, — больш за 300 і 200 чалавек на 100 тыс. насельніцтва адпаведна. Менш за ўсё зняволеных у Ісландыі і Ліхтэнштэйне. У апошнім на ўсё насельніцтва краіны — крыху больш за 40 тыс. — усяго 8 зняволеных. 

У справаздачы Рады Еўропы пра колькасць зняволеных таксама сказана, што ў траціны краін Еўропы турмы перапоўненыя. Самыя густанаселеныя — у Славеніі, на Кіпры і ў Францыі. Пры гэтым па ліку зняволеных усе тры краіны знаходзяцца на сярэднім ці ніжэй за сярэдні ўзровень па Еўропе. Гэта можа паказваць не столькі на высокую злачыннасць, колькі на дэфіцыт турэмнай інфраструктуры.

У Беларусі апошнія афіцыйныя дадзеныя па колькасці зняволеных Белстат апублікаваў 10 гадоў таму, у 2015-м. Тады іх было каля 30 тыс. чалавек. Калі арыентавацца на гэту інфармацыю (падставаў меркаваць, што за апошнія 5 гадоў беларускія турмы спусцелі, няма), то атрымліваецца больш за 300 вязняў на 100 тыс. насельніцтва. Гэта параўнальна з еўрапейскімі лідарамі — Турцыяй і Азербайджанам, удвая больш, чым у суседняй Літве, і на траціну больш, чым у Польшчы.