Антыфэйк / фактчэк

06 мая 2022

Фэйкі тыдня: Джордж Сорас – габрэй на службе ў Гітлера?

Былы прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў распавёў у інтэрвʼю агенцтву БЕЛТА, што фінансіст і габрэй Джордж Сорас служыў Рэйху

Аўтары:
Рэдактары:
Былы прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў распавёў у інтэрвʼю агенцтву БЕЛТА, што фінансіст і габрэй Джордж Сорас служыў Рэйху.

«І вось там стварылі кантору, якая займалася рэалізацыяй канфіскату, канфіскаванай маёмасці ў тых людзей, якія былі асуджаныя на знішчэнне. Дык вось 14 гадовы габрэй Сорас, нейкімі праўдамі-няпраўдамі патрапіў у гэтую арганізацыю і такім чынам выратаваў сабе жыццё паколькі ён не падлягаў адпраўленні ў канцлагеры. І пачаў зарабляць на гэтым першы капітал. Вядомыя фатаграфіі яго ў гэтай форме нямецкай», – заявіў Азараў.

Калі пашукаць згадванні такога фота ў інтэрнэце, то вам хутчэй за ўсё будзе выдаваць гэты здымак.

Але на фота не Джордж Сорас, а Оскар Грэнінг – бухгалтар канцлагера Асвенцім, які размяшчаўся ў Польшчы. Яго фота ёсць на афіцыйным сайце Асвенціму. Ён нарадзіўся ў 1921-м годзе і памёр у 2018-м годзе. Грэнінг быў прызнаны вінаватым у масавых забойствах і прыгавораны да 4-х гадоў турмы. І гэта ён пералічваў і сартаваў грошы, якія адбіралі ў зняволеных, а потым перасылаў іх у Берлін. Ён сам расказаў пра гэта на судзе. Менавіта яго гісторыю Мікалай Азараў прыпісаў Джорджу Сорасу.

Сам жа Сорас нарадзіўся ў 1930-м годзе, і на пачатак вайны яму было 9 гадоў, на момант яе заканчэння – 15 гадоў. Мінімальны ж узрост для ўступлення ў СС – 17 гадоў.

Беларускі МЗС напрошваецца на візіт у Аўстрыю

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз у інтэрв'ю тэлеканалу Беларусь-1 заявіў, што беларуская дэлегацыя наведае былы канцлагер Маўтхаўзен, які знаходзіцца ў Аўстрыі, таму, што большасць яго ахвяр - гэта грамадзяне СССР. 

«Мы - спадчыннікі народа-пераможцы, мы - спадчыннікі народа-вызваліцеля. Большасць ахвяраў гэтага канцлагера ў Аўстрыі - гэта грамадзяне рэспублік былога Савецкага Саюза, так што ніхто не мае права забараніць нам гэта зрабіць».

Гэта не так. Па дадзеных сайта мемарыяла Маўтхаўзен тут было нямала савецкіх грамадзян, але большасць зняволеных было дэпартавана з Польшчы. З 190 тысяч вязняў - толькі 37 тысяч былі з рэспубалік былога СССР. З Польшчы - 52 тысячы».

З тых 90 тысяч чалавек, якія загінулі ў лагеры, савецкае грамадзянства мелі 15 тысяч чалавек, палякаў тут загінула 25 тысяч чалавек.

Выходзіць, што нельга сцвярджаць, што большасць ахвяраў гэтага канцлагера - савецкія грамадзяне.

Доказы нацызму ў калабарацыянісцкай прэсе 

Тэлеграм-канал «Вашы слівы» знайшоў карані ўкраінскага нацызму ў газетах, якія выходзілі ў гады вайны на акупаваных тэрыторыях.

«Украінскі нацызм ніколі не мяняўся», - піша гэты канал, публікуючы падборку карыкатур, лозунгаў і вершаў, якія ўслаўляюць «вызваліцеляў Еўропы» на ўкраінскай мове.

Мы вырашылі пайсці далей і дапоўніць калекцыю «Вашых сліў» выказваннямі з газет на рускай мове.

Вось што пісала газета «Усход», якая выходзіла падчас нямецкай акупацыі ў расійскім Белгарадзе. 

«24 кастрычніка 1941 года германскія войскі ўвайшлі ў горад Белгарад. Мінуў год.

Сэрцы нашы напаўняюцца радасцю пры ўспаміне аб першай сустрэчы з ваярамі Германскай Арміі. З гэтай сустрэчы мы пачалі жыць па-новаму.

Прынясем жа сёння рыцарам германскай арміі заслужаную падзяку». 

А вось як газета «Речь» з расійскага горада Арла прывітала 1943 год. 

«Сёння вызвалены народ шле словы прывітання Германскай Арміі, якая вярнула народу яго душу, яго веру і звычаі. Пасля чвэрці стагоддзя бальшавіцкай цемры мы, як нашы бацькі і маці ў мінулы час, адкрыта гледзячы адзін аднаму ў вочы, можам сказаць: з новым годам, з новым шчасцем, з новым здароўем».

Дарэчы, гартаючы газеты, мы знайшлі некалькі цікавых артыкулаў. І тут ужо мы згодны са «Слівамі», што нічога з тых часоў не памянялася. Вось арлоўская газета «Рэч» тлумачыць, як Савецкі Саюз планаваў напад на Германію.

«Множацца дакументы, якія сведчаць аб тым, што яшчэ вясной 1941 года Савецкі Саюз меў намер выступіць супраць Германіі. Так, са знойдзеных германцамі бальшавіцкіх гарнізонных загадаў вынікае, што яшчэ ў лютым 1941 года СССР рыхтаваўся да аб'яўлення вайны Германіі».

А смаленская газета «Новы шлях» пачала казаць пра змову англасаксаў значна раней за праўладных палітолагаў накшталт Шпакоўскага і Гігіна: 

«Прычыны вайны - капіталістычныя інтарэсы габрэйска-англа-саксонскіх змоўшчыкаў-фінансістаў».

Беларусы самі вырабляюць аўтобусы

Аляксандр Лукашэнка расказаў губернатару Варонежскай вобласці, як Беларусь сама вырабляе аўтобусы МАЗ. 

«Наш МАЗ, Менскі аўтазавод, сярэднія грузавікі, ён супрацоўнічаў з двума нямецкімі кампаніямі - МАЗ-МАН і Неаплан. Я стаў прэзідэнтам ужо кантракты былі падпісаны. Але праз пяць гадоў яны скончыліся. Вось мы хочам у вас... Дзякуй, кантракты скончыліся, да пабачэння. Такія кампетэнцыі, якія вы нам прапанавалі за 7-8 гадоў, яны ў нас самі ёсць, мы самі гэта зможам... Бедната была страшная. Але мы эканомілі і самі вырабляем сёння аўтобусы, якія карыстаюцца сёння попытам». 

Аляксандр Лукашэнка забыўся сказаць, што МАЗ з 2015 года быў стратным. І толькі ў 2019 годзе ўпершыню за апошнія гады завод выйшаў у невялікі плюс.

А таксама схітраваў, сцвярджаючы, што свае аўтобусы Беларусь вырабляе сама. Да нядаўняга часу ўсе аўтобусы МАЗ абсталёўваліся рухавіком Мэрсэдэс Бэнц, каробкамі перадач нямецкага канцэрна ZF або амерыканскага канцэрна Allison. Пярэднія восі і вядучыя масты таксама былі імпартныя.

Цяпер, калі краіна трапіла пад санкцыі, нямецкі рухавік, каробку перадач і вядучы мост замянілі на кітайскія. Рухавікі вырабляе рэзідэнт кітайска-беларускага парка «Вялікі камень» - прадпрыемства «МАЗ-Вейчай», а трансмісіі - рэзідэнт парка «Фаст-МАЗ». Поўнае імпартазамяшчэнне ўдалося толькі ў выпадку з пярэдняй партальнай воссю - на 100 працэнтаў свая.

Як сцвярджае партал «Аўтабізнес», антысанкцыйны аўтобус нічым не адрозніваецца ад мінулых мадэляў. Толькі рухавік менш магутны, маторная шахта ў аўтобусе займае больш месца, таму прыйшлося прыбраць два сядзенні ў салоне.

Улады Латвіі нацыяналізуюць санаторый «Беларусь»

Праўладны палітолаг Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры Альфа-радыё заявіў, што ўлады Латвіі нацыяналізуюць санаторый Беларусь.

«Рашэнне прынятае і мы не можам транзітаваць свае ж грузы ў прыналежны нам жа тэрмінал у клайпедскім порце. Гэта трызненне. А нацыяналізацыя санаторыя Беларусь латвійскімі ўладамі? Дэпартацыя кіраўніцтва гэтага санаторыя выгналі на вуліцу некалькі сотняў сваіх жа грамадзян. Разумееце, гэта як увогуле вырашаць?»

Насамрэч санаторый «Беларусь» у Юрмале не нацыяналізаваны і як быў, так і застаецца ва ўласнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Гаворка ідзе толькі аб замарозцы рахункаў санаторыя, з-за чаго сродкі кампаніі могуць быць скарыстаны толькі для аплаты камунальных паслуг і выплаты заробку супрацоўнікам. 

Раней такая ж гісторыя адбылася з санаторыем «Беларусь» у Літве - у снежні 2020 банк заблакаваў яго рахункі. Але ўжо ў ліпені 2021 года санаторый цэлы і цэлы зноў вярнуўся да працы.

Таму Шпакоўскі абураецца самім сабой прыдуманай праблемай.

Прыднястроўе і масавая міграцыя 

Тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы» вырашыў вывесці на чыстую ваду ўсіх тых, хто сцвярджае, што з Прыднястроўя пасля выбухаў пачалі масава ўцякаць людзі. На канале выклалі фота чэргаў на мяжы. І нават падпісалі, каб было больш зразумела, што фота з чэргамі - гэта тыя, хто жадае ўехаць у Прыднястроўе. 

«Укрпрапаганда некалькі дзён хлусіць аб тым, што з Прыднястроўя (ПМР) масава бягуць жыхары, якія стварылі шматкіламетровыя чэргі.

Так, вялізныя чэргі на мяжы ПМР ёсць, але яны стаяць не на выездзе з Рэспублікі, а на ўездзе з боку Малдавіі (Тэрмінал Бяндэры - Кішынёў, тэрмінал Рыбніца-мост і іншыя). З ПМР жа выязджае некалькі аўтамабіляў у дзень». 

Звярніце ўвагу на фатаграфію з тэрмінала Рыбніца-мост. «Жоўтыя слівы» падпісалі, што гэта ўезд у Прыднястроўе. Вось сайт, дзе выкладаюцца трансляцыі вэб-камер з прыднястроўскай мяжы. Знаходзім тэрмінал Рыбніца-мост, па відэа можна пераканацца, што гэта менавіта гэтае месца.

Толькі на сайце пазначана, што гэты накірунак з Прыднястроўя. Гэта значыць выезд з Прыднястроўя ў Малдову. Уезд у Прыднястроўе выглядае інакш.