Сюжэт пра важнасць экспарту для беларускай эканомікі паказалі 19 студзеня 2025 года ў эфіры тэлеканалу АНТ. У ім эканамічны аналітык Георгій Грыц пракаментаваў поспехі краіны ў гэтай сферы:
«Мы знаходзімся з пункту гледжання долі экспарту да ВУП на 14 месцы ў свеце. То бок, гэта вельмі вялікі паказнік. 61% аб'ёму тавараў, якія выпускаюць нашыя прадпрыемствы, мы абавязаныя ў сярэднім прадаць за тэрыторыю Рэспублікі Беларусь».
Паводле апошніх звестак індыкатару Сусветнага банка (за 2023 год), які вызначае экспарт тавараў і паслуг як адсотак ад ВУП краіны, Беларусь у свеце займае 37 месца, а не 14. Хоць доля экспарту ў нас сапраўды вялікая — амаль 67%. Аднак многія невялікія краіны ЕЗ абганяюць Беларусь. Напрыклад, Латвія, Літва, Эстонія, Славенія, Мальта.
Высокая доля экспарту ў ВУП азначае, што эканоміка краіны моцна залежыць ад знешняга гандлю. У вялікіх краін, да прыкладу, ЗША, Кітая і Расеі адсотак экспарту ВУП больш сціплы.