Антыфэйк / фактчэк

Сёння

ЕЗ запатрабуе ад Украіны вярнуць крэдыт? Разабраліся з маніпуляцыяй «Беларускага сілавіка»

Аўтары тэлеграм-каналу не растлумачылі, пра якія грошы ідзе гаворка.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 26.11.2025
Еўразвяз хоча прапанаваць Украіне вярнуць прамежкавы крэдыт, напісалі аўтары тэлеграм-каналу «Беларускі сілавік». Каманда Weekly Top Fake удакладніла, на якіх умовах. 

Кантэкст: Лідары краін ЕЗ спрабуюць дасягнуць пагаднення па выкарыстанні расейскіх актываў, замарожаных у краінах Еўразвязу, і даць Украіне рэпарацыйны крэдыт у €140 млрд. 

Кароткі пост пра крэдытныя адносіны Украіны і ЕЗ апублікавалі 26 лістапада 2025 года ў тэлеграм-канале «Беларускі сілавік»:

«Politico піша, што ЕЗ можа запатрабаваць ад Украіны звароту прамежкавага крэдыту».

Каманда Weekly Top Fake знайшла ў Politico матэрыял, на які спаслаліся аўтары тэлеграм-каналу. У ім сапраўды ідзе гаворка пра вяртанне крэдыту, аднак не ў такім кантэксце, як пададзена ў посце: «Два дыпламаты заявілі, што Украіне можа быць прапанавана пагасіць першапачатковы прамежкавы крэдыт ЕЗ пасля атрымання фінансавання з доўгатэрміновага рэпарацыйнага крэдыту», — напісана ў артыкуле. 

Доўгатэрміновы рэпарацыйны крэдыт — гэта механізм па выкарыстанні замарожаных у Еўразвязе дзяржактываў Расеі ў інтарэсах Украіны. Бельгія, у якой захоўваецца вялікая частка гэтых сродкаў, выступіла супраць выняцця грошай праз магчымыя юрыдычныя наступствы. Еўракамісія прапанавала аформіць гэта як крэдытаванне пацярпелай у вайне Украіны за кошт прыбытку ад гэтых грошай. То бок не забраць самі грошы, а пазычыць суму, эквівалентную суме замарожаных расейскіх актываў. Кіеву давядзецца вярнуць іх толькі пасля таго, як Масква скончыць вайну і пагодзіцца пакрыць нанесеную шкоду — таму гэты крэдыт і назвалі «рэпарацыйным».

Канчатковае рашэнне па гэтым пытанні пакуль не прынята, а грошы Кіеву патрэбныя будуць у найбліжэйшы час. У звязку з гэтым паўстала ідэя з прамежкавым крэдытам для Украіны. ЕЗ пазычыць Кіеву сродкі цяпер з умовай, што ён верне доўг з расейскіх грошай, калі іх атрымае. Беларускі тэлеграм-канал не напісаў, што гаворка ідзе пра расейскія рэзервы і што ніхто не патрабуе ад краіны, якая бароніцца, звароту раней выдадзеных крэдытаў.