Пра завод, які ляжыць на лапатках, і дапамогу Аляксандра Лукашэнкі «Нёману» БелТА распавяла 15 траўня 2024 года.
«Вялізныя даўгі, а склады перапоўненыя прадукцыяй. У 2005 годзе вядомы ва ўсім свеце шклозавод «Нёман» апынуўся, што называецца, на лапатках. І падняцца самастойна не мог. У гэтым выпуску мы раскажам, якім чынам дзяржава дапамагла прадпрыемству стаць на ногі», — гаворыцца ў сюжэце.
Затым БелТА распавядае пра праведзеную мадэрнізацыю, ільготы і пра тое, як усё гэта дапамагло захаваць калектыў.
У справаздачы прадпрыемства за 2023 год паказаны 171 млн рублёў непакрытай страты. Сума доўгатэрміновых і кароткатэрміновых даўгоў у шклозавода — 300 млн рублёў.
Па аўдытарскім заключэнні за 2023 год, паказчыкі фінансавага становішча знаходзяцца за межамі нарматываў — аўдытары сумняюцца, што прадпрыемства зможа бесперапынна працягваць сваю працу.
Запазычанасці «Нёмана» за газ перыядычна аплачвае бюджэт. Апошні плацёж прайшоў у 2022 годзе. У 2020 годзе прадпрыемства атрымала некаторыя ільготы па падатках і адтэрміноўку па крэдыце да 2044 года.
Ці ўдалося захаваць калектыў? У 2008 годзе на шклозаводзе працавалі 4 тысячы чалавек, цяпер — 1,2 тысячы.