У канцы лютага тэлеграм-каналы «Невальфовіч» і «ЖС прэміум» апублікавалі фота Эмануэля Макрона, які бяжыць. Як сцвярджаюць аўтары гэтых каналаў, на ім прэзідэнт Францыі ратуецца ад фермераў, якія ўварваліся ў будынак, дзе праходзіла сельскагаспадарчая выстава.
«Ад фермераў, якія страйкуюць, у Парыжы (на фота) ён ужо ледзь не адхапіў тухлымі яйкамі. Ледзь паскакаў, каб касцюм не запляміць. Даскачацца!» — гаворыцца ў посце «ЖС прэміум» (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).
Фермеры, якія пратэстуюць, сапраўды спрабавалі прарвацца на сельскагаспадарчую выставу ў Парыжы, калі яе наведваў Макрон. Але фота, якое распаўсюджваецца тэлеграм-каналамі, зроблена не ў гэты дзень, а годам раней.
Журналісты Weekly Top Fake знайшлі арыгінал фатаграфіі. Яе апублікавалі на сайце фотаагенцтва Getty Images 25 лютага 2023 года.
У допісе да здымку гаворыцца, што французскі прэзідэнт бяжыць, каб павітаць гасцей 59-га Міжнароднага сельскагаспадарчага кірмашу ў Парыжы.