У Еўропе другі месяц страйкуюць фермеры. Яны перакрываюць дарогі ў Нідэрландах, Нямеччыне, Францыі, Польшчы, Грэцыі, Балгарыі, Літве, Італіі. 6 лютага да пратэстаў далучыліся іспанцы. У той жа дзень дэкан факультэту журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» распавёў пра прычыны гэтых пратэстаў.
«Чаму яны гэта робяць? Таму што Еўропа, па-першае, пачала санкцыйную вайну з Расеяй і гэтым самым, зачыніўшы заслону, абарваўшы ўласны гандаль з Расеяй, яны пазбавілі сваіх фермераў велізарных заробкаў. Не сакрэт, што Расея была да санкцыйнага перыяду велізарным рынкам збыту для еўрапейскай сельскагаспадарчай прадукцыі», — заявіў ён.
Забарона на продаж у РФ сельскагаспадарчай прадукцыі з ЕЗ была ўведзеная дзесяць гадоў таму. Яго ініцыятарам была Расея. У 2014 годзе Уладзімір Пуцін у адказ на санкцыі за анексію Крыму ўвёў харчовае эмбарга і з тых часоў штогод яго падаўжае.
Праз два гады пасля яго ўвядзення эканамісты з Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце РФ прыйшлі да высновы, што эмбарга на пастаўкі харчавання з заходніх краін не нанесла істотнай шкоды гэтым дзяржавам.
«Выпадкі, калі скарачэнне імпарту ў Расею прывяло да рэальнага падзення аб'ёмаў і кошту экспарту з санкцыйных краін, адзінкавыя, а па маштабах нанесенай эканамічнай шкоды нязначныя. Такім чынам, расейскае эмбарга на пастаўкі асноўных відаў харчавання не нанесла істотнай шкоды пастаўшчыкам з гэтых дзяржаў», — адзначалі эксперты акадэміі.
Пра тое, што цяперашнія страйкі фермераў не звязаныя з забаронай на продаж сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расею, сведчыць тое, што пратэстоўцы не патрабуюць скасавання антырасейскіх санкцый.
Выданне Politico склала інтэрактыўную карту Еўропы, у якой сабрала скаргі фермераў з розных краін — гэта высокія цэны, танны імпарт, падаткаабкладанне, зялёная палітыка ЕЗ, субсідыі на дызель і многае іншае. Патрабаванні адмены харчовага эмбарга ў гэтым спісе няма.